Маладыя эколагі з Беларусі і Расіі будуць вывучаць Бярэзінскі біясферны запаведнік
20 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі "Экалогія без межаў" пройдзе 22-30 ліпеня ў Лепельскім раёне на базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара запаведніка па навукова-даследчай рабоце Валерый Іўковіч.
Удзельнікамі злёту стануць 70 эколагаў (па 35 ад кожнай краіны) 14-18 гадоў, якія ўжо прадэманстравалі сваю зацікаўленасць у вывучэнні прыроды на розных конкурсах і алімпіядах. У запаведніку ім таксама трэба будзе заняцца любімай справай.
Заняткі будуць праводзіцца ва ўчасно-навуковых лабараторыях па геабатаніцы, энтамалогіі, арніталогіі, глебазнаўстве і гідрабіялогіі. У залежнасці ад выбранага напрамку юныя экалогі разам з навуковымі супрацоўнікамі запаведніка, БДУ і расійскіх ВНУ, якія прымаюць удзел у злёце, зоймуцца вывучэннем насельнікаў і жыццёвых працэсаў прыроднага комплексу. Вынікам іх актыўнай работы стануць навуковыя працы. На выніковай канферэнцыі 29 ліпеня члены журы назавуць трох лепшых даследчыкаў злёту і па адным у кожнай групе. Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.
Акрамя навуковай дзейнасці рабят чакае насычаная культурная праграма. Яны пазнаёмяцца з мясцінамі старажытнага Полацка, наведаюць нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" і многія іншыя цікавыя месцы, адзначыў Валерый Іўковіч.
Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Саюзнай дзяржавы. Яго арганізатарам выступае Рэспубліканскі экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі.