Маладыя экскурсаводы школьных ваенна-гістарычных музеяў Віцебскай вобласці пазмагаюцца ў прафмайстэрстве

4 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Юныя экскурсаводы школьных музеяў ваенна-гістарычнага профілю ўпершыню пазмагаюцца ў прафмайстэрстве на абласным конкурсе, прысвечаным 65-годдзю Вялікай Перамогі. Мерапрыемства пройдзе 11-12 мая на базе Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным аб'яднанні па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі. Усяго ўдзел у конкурсе прынялі больш за 60 школьнікаў, якія прадставілі журы ўласныя распрацоўкі экскурсійных праграм па музеях і музейных пакоях устаноў адукацыі. Журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты музейнай справы, упраўлення адукацыі аблвыканкама і абласнога аддзялення ГА "Беларускі фонд міру", вызначыла 16 фіналістаў. У ходзе двухдзённага экскурсійнага марафону ім трэба будзе не толькі прэзентаваць свае школьныя музеі, але і прадэманстраваць веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, эрудыцыю, крэатыўнае мысленне, уменне працаваць з аўдыторыяй, у тым ліку выкарыстоўваючы інтэрактыўныя і гульнявыя тэхналогіі. Праграма конкурсных выпрабаванняў уключае тры этапы. На першым этапе ўдзельнікі прадставяць віртуальную экскурсію па сваім музеі. Другім выпрабаваннем стане творчае заданне: дзецям будзе прапанавана на аснове набору музейных прадметаў і экспанатаў скласці экскурсію па гісторыі партызанскага руху на Віцебшчыне. Завершыць конкурсную праграму віктарына на веданне музейных прадметаў, якія, як правіла, складаюць аснову музейнай экспазіцыі ваенна-гістарычнага профілю. Пераможцы і прызёры будуць заахвочаны каштоўнымі падарункамі і прызамі. А галоўны прыз для ўсіх удзельнікаў фіналу абласнога конкурсу ўжо падрыхтавала віцебскае абласное аддзяленне ГА "Беларускі фонд міру". Пасля завяршэння мерапрыемства ўсе фіналісты адправяцца на экскурсію па гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна". Асноўнымі мэтамі конкурсу з'яўляюцца павышэнне ўзроўню экскурсійнай і прапагандысцкай дзейнасці школьных музеяў, развіццё прафмайстэрства і творчых здольнасцей юных экскурсаводаў, папулярызацыя школьных музеяў і абагульненне перадавога вопыту работы ў гэтым напрамку. У Віцебскай вобласці дзейнічае 195 музеяў ва ўстановах адукацыі, з якіх больш за 100 маюць экспазіцыі ваенна-гістарычнага профілю. Арганізатарамі абласнога конкурсу юных экскурсаводаў выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама, абласное аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, абласны музей Героя Савецкага Саюза М.Шмырава і абласное аддзяленне ГА "Беларускі фонд міру". -0-