Маладыя даследчыкі Віцебскай вобласці ўпершыню праводзяць навуковую канферэнцыю
15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш як 150 навучэнцаў старэйшых класаў прымаюць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў "Эўрыка", якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік навукова-даследчага сектара ВДУ Аляксандр Дзядзінкін.
Ва ўніверсітэце сабраліся лепшыя з лепшых юных даследчыкаў, якія прайшлі конкурсны адбор па выніках Дзён навукі ў школах і гімназіях, на гарадскіх і раённых канферэнцыях. Усяго для ўдзелу ў першым такім навуковым форуме былі прадстаўлены каля 600 даследчых работ і навуковых дакладаў школьнікаў, і ўжо па выніках ацэнкі першых крокаў школьнікаў у навуцы экспертная камісія ВДУ вызначыла склад удзельнікаў абласнога мерапрыемства.
Работа канферэнцыі праходзіць па 9 секцыях, у тым ліку рускай і беларускай філалогіі, экалогіі і геаграфіі, біялогіі і хіміі, фізікі і матэматыкі. Рабяты правядуць прэзентацыю сваіх даследаванняў, а па выніках форуму будзе выдадзены зборнік работ. Для многіх школьнікаў гэта будзе першая публікацыя іх навуковых прац. Акрамя таго, аўтары лепшых работ атрымаюць права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскай навуковай канферэнцыі.
Асноўнымі задачамі канферэнцыі з'яўляюцца прыцягненне навучэнцаў да даследчай, творчай і праектнай дзейнасці ў розных адукацыйных сферах, развіццё навыкаў творчай працы, умення самастойна ставіць і вырашаць даследчыя задачы. Акрамя таго, правядзенне падобных мерапрыемстваў дазваляе актывізаваць інтэлектуальную ініцыятыву школьнікаў і стварае ўмовы для грамадскага прызнання вынікаў даследчай работы падрастаючага пакалення, адзначыў Аляксандр Дзядзінкін.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама, абласны інстытут развіцця адукацыі і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-