Маладыя піяністы з Віцебска заваявалі прызавыя месцы на міжнародным конкурсе ў Латвіі
На IV Міжнародным конкурсе юных піяністаў імя Я.Норвіля, які сабраў 16—18 студзеня таленавітых дзяцей і моладзь з Латвіі, Эстоніі, Германіі і Беларусі, бліскуча выступілі выхаванцы віцебскай Дзіцячай школы мастацтваў імя А.В.Багатырова.
З латвійскага горада Мадона, дзе адбылася музычная падзея, прысвечаная папулярызацыі інтанацыйнай своеасаблівасці народных мелодый у акадэмічных жанрах фартэпіяннай музыкі, дадому з лаўрэацкім званнем вярнуўся дуэт Віктара Сцяфаненкі і Анастасіі Петушковай. Вучні ўпершыню выступілі такім складам, падрыхтаваўшы для конкурснай праграмы «Іспанскі танец» М.Машкоўскага і «Вочы чорныя» ў канцэртнай аранжыроўцы Г.Балаева. Гэтаму фартэпіяннаму ансамблю прысуджана першае месца, а таксама прызы альтэрнатыўнага журы і педагогаў музычных школ. Другое месца ў міжнародным конкурсе ў Мадоне заваяваў дуэт Евы і Ніколь Рагатнікавых, які выканаў «Сільфіды» Ф.Шапэна і рускую народную песню «Ах ты, ночанька» ў аранжыроўцы. У ансамбляў-лаурэатаў адзін педагог — Алена Ешчанка.
Для юных піяністаў гэта не першы міжнародны конкурс, многія здольныя вучні ДШМ імя А.В.Багатырова паспяхова выступалі ў Расіі, Чэхіі, Украіне.
Наталля КРУПІЦА, "Віцьбічы"