Маладыя палачане здалі фотасправаздачу пра тое, як правялі лета

15 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пачатак кожнага навучальнага года для школьнікаў традыцыйна знамянуецца напісаннем сачынення на тэму "Як я правёў лета". Здаць фотасправаздачу пад такой жа назвай прапанавалі дзецям і ў Полацкім дзіцячым музеі-філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца ўстановы культуры Наталля Андрэева. Конкурс праводзіўся з 15 жніўня па 15 верасня. За гэты час у музей прыйшло больш за паўсотні фотаздымкаў ад навучэнцаў розных устаноў адукацыі Полацка і Наваполацка. Характэрна, што свае фотаздымкі даслаў і 44-гадовы полацкага жыхар. "Яго матэрыялы былі прыняты з задавальненнем", - распавяла суразмоўніца, растлумачыўшы, што ва ўмовах конкурсу ўзрост удзельнікаў не абмяжоўваўся. Наталля Андрэева таксама адзначыла, што асноўная колькасць здымкаў звязана з адпачынкам дзяцей у далёкіх і не вельмі краінах. Пізанская вежа, шыкоўныя віды Пецяргофа, родныя квітнеючыя палі рапсу і многія іншыя цікавыя фотаздымкі не пакінулі абыякавымі арганізатараў. Аўтар найбольш яркіх і "жывых" здымкаў стане пераможцам конкурсу. У якасці ўзнагароды яму дастанецца адзіная музейная карта, якая дае права на наведванне ўсіх філіялаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Астатнія ўдзельнікі стануць уладальнікамі білета на наведванне камп'ютарнай залы дзіцячага музея. Асобнае заахвочванне чакае і самага сталага ўдзельніка конкурсу. Усе ўзнагароды будуць урачыста ўручаны на адкрыцці фотавыставы, якая будзе змантавана ў бліжэйшыя дні.-0-