Маладыя турысты з Беларусі, Польшчы і Літвы аб'ядналіся пад "Браслаўскімі паруснікамі"

23 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пад "Браслаўскімі паруснікамі" аб'ядналіся юныя турысты з Беларусі, Польшчы і Літвы. Міжнародны дзіцячы турыстычны лагер "Браслаўскія паруснікі" другі раз запрацаваў у Браслаўскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Анатоль Невярковіч. Каля 50 падлеткаў размясціліся ў намётавым мястэчку і на працягу ўсёй змены здзяйсняюць пешыя, водныя і веласіпедныя двухдзённыя паходы па найпрыгажэйшых мясцінах азёрнага краю з наведваннем легендарнай гары Маяк, найпрыгажэйшага возера Валос і гістарычнай вёскі Масковічы. Юныя турысты, а самым старэйшым з іх усяго 16 гадоў, знаёмяцца з мясцовымі славутасцямі і асвойваюць асновы турыстычнага майстэрства. Як адзначыў Анатоль Невярковіч, Браслаўшчына робіць стаўку на прыцягненне замежных турыстаў, у першую чаргу з суседніх дзяржаў. Дзіцячы міжнародны лагер праводзіцца ўсяго другі раз, аднак ён ужо выклікае цікавасць у замежных гасцей. У наступным годзе "Браслаўскія паруснікі" зноў збіраюцца паклікаць у дарогу маладых падарожнікаў. -0-