Маладыя віцябляне 18 снежня будуць спаборнічаць у стварэнні калядных выцінанак

17 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладыя віцябляне 18 снежня будуць спаборнічаць у стварэнні калядных выцінанак, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарадскім цэнтры дзіцячай творчасці. Пяты гарадскі конкурс адбудзецца ў Віцебскім мастацкім музеі. На працягу трох гадзін школьнікі розных навучальных устаноў абласнога цэнтра будуць ствараць дэкаратыўныя выцінанкі, прысвечаныя Калядам. Аўтары лепшых работ будуць адзначаны спецыяльнымі прызамі. Па ўжо складзенай традыцыі ўсе конкурсныя выцінанкі на час навагодніх святаў стануць упрыгожаннем музея. Выцінанка - нацыянальнае беларускае мастацтва выразання з паперы. Ажурныя ўзоры ствараюцца з чорнай, белай або каляровай паперы.-0-