Маладыя віцебскія хакеісты перамаглі ў 1-м міжнародным дзіцячым турніры "Калядны лёд" у Віцебску

5 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хакейны клуб "Віцебск 97" стаў пераможцам міжнароднага дзіцячага турніру "Калядны лёд", які завяршыўся сёння ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-аташэ ХК "Віцебск" Дзмітрый Іванчанкаў. Падобны дзіцячы турнір (сярод каманд хлопцаў 1997 года нараджэння) упершыню арганізаваны ў абласным цэнтры. Акрамя віцебскай дружыны, у ім прынялі ўдзел каманды "Пінгвіны 97" (Масква), "Спартак 97" (Санкт-Пецярбург), "Арбіта 97" (Зеленаград), "SKDL 96-97" (Рыга) і "Лакаматыў 97" (Яраслаўль). Розыгрыш галоўнага прыза праходзіў па аднакругавой сістэме, па выніках вочных паядынкаў вызначыліся пераможца і прызёры спаборніцтваў. Юныя віцебскія спартсмены паказалі стопрацэнтны вынік, атрымаўшы перамогі ва ўсіх 5 сустрэчах. Сёння ў завяршальнай гульні гаспадары лёду атрымалі пераканаўчую перамогу над аднагодкамі з Зеленаграда з лікам 14:4, нягледзячы на тое, што, незалежна ад выніку гэтага матча, ужо забяспечылі сабе першае месца. Срэбным і бронзавым прызёрамі спаборніцтваў сталі адпаведна "Пінгвіны 97" і "Лакаматыў 97". Віцебская дружына пад кіраўніцтвам Віталя Шакава стала самай рэзультатыўнай камандай турніру, закінуўшы ў вароты сапернікаў 37 шайб. Лепшым бамбардзірам прызнаны нападаючы "Віцебска 97" Раман Крыкуненка, а яго аднаклубнік Аляксандр Асіпкоў названы лепшым брамнікам турніру. Прыз лепшага абаронцы павязе ў Маскву Міхаіл Пятроў ("Пінгвіны 97"), а лепшым нападаючым спаборніцтваў стаў Павел Голубеў з яраслаўскага "Лакаматыва 97". Акрамя таго, усе ўдзельнікі "Каляднага лёду" адзначаны памятнымі прызамі і сувенірамі. Арганізатарамі міжнароднага дзіцячага турніру па хакеі "Калядны лёд" выступаюць хакейны клуб "Віцебск", ДЮСШ ХК "Віцебск" і віцебскі лядовы Палац спорту.-0-