Маладыя мастакі Віцебскай вобласці прадставілі работы на рэспубліканскі конкурс «Архітэктура роднага краю вачыма дзяцей»
Трэці рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячай творчасці «Архітэктура роднага краю вачыма дзяцей» праходзіў у рамках Нацыянальнага фестывалю архітэктуры «Мінск-2013». Спаборніцтва праводзіцца Беларускім саюзам архітэктараў і заклікана прыцягнуць увагу да прыгажосці роднай зямлі, выхаваць падрастаючае пакаленне ў традыцыях патрыятызму, а таксама прадаставіць магчымасць юным талентам праявіць свае творчыя здольнасці. Дзецям ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў было прапанавана з дапамогай фарбаў, алоўкаў і іншых мастацкіх прыналежнасцей расказаць пра свой край, любімы куток, школу, студыю ці ж пафантазіраваць пра архітэктуру будучыні, пра горад, які яны б марылі пабудаваць.
Характэрна, што на дадзеным форуме Віцебшчына ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі прадставіла больш за ўсё работ. Акрамя таго, у дзвюх з трох намінацый таленты Прыдзвіння занялі першыя месцы. Сярод пераможцаў апынуліся сямігадовая Каця Барабашова і дзевяцігадовая Даша Грунтова.
Дарэчы, Центру эстэтычнага выхавання «Маладзік» (школа мастацтваў №3 Віцебска), выхаванкай якой з'яўляецца Даша, належаць 20 з 30 работ, дасланых на конкурс з усёй вобласці. Яны выкананы ў розных тэхніках. А вось «Горад настрою» Дашы Грунтовой – адзіны конкурсны твор ад вобласці ў тэхніцы воскаграфіі. Гэта палатно адрозніваецца асаблівай яркасцю, багаццем фарбаў і эмоцый.
Дзяўчынка з пяці гадоў займаецца ў школе мастацтваў, яе работы можна было ўбачыць на шматлікіх гарадскіх выставах дзіцячай творчасці, а вось удзел у дадзеным праекце прынёс ёй першую перамогу. І натхніў яе любімы горад.
Як адзначыла дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання «Маладзік» Вольга Сіўцова, на конкурсе «Архітэктура роднага краю вачыма дзяцей» установа яшчэ раней заявіла пра сябе. У скарбонцы ўзнагарод школы – тры прызавых дыпломы з дадзенага творчага форуму.
Акрамя таго, цэнтр прымае актыўны ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, сярод якіх прыярытэт аддаецца праектам патрыятычнай накіраванасці.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"