Малады беларус стаў пераможцам міжнароднага конкурсу піяністаў у Эстоніі
25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выхаванец Полацкай дзіцячай школы мастацтваў Мікіта Куляшоў стаў пераможцам IV Міжнароднага конкурсу юных піяністаў імя І.С.Баха, які прайшоў у эстонскім горадзе Нарве. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны консул Беларусі ў Таліне Аляксандр Астроўскі.
Конкурс сабраў амаль 40 выканаўцаў з васьмі дзяржаў. Беларускі піяніст быў лепшым сярод удзельнікаў малодшай узроставай групы. Яшчэ адна навучэнка Полацкай дзіцячай школы мастацтваў Юлія Котлярава ўзнагароджана дыпломам за высокае выканальніцкае майстэрства ў старэйшай узроставай групе.
Пасля завяршэння конкурсу яго лаўрэаты далі канцэрт на сцэне Эстонскай акадэміі музыкі і тэатра ў Таліне.
У межах конкурсу прайшла выстава работ навучэнцаў Полацкай дзіцячай школы мастацтваў "Беларуская маляванка".-0-