Юры Антонаў лічыць «Эўравізію» відовішчам для хатніх гаспадынь
9 ліпеня, Віцебск /Алена Прус - БЕЛТА/. Народны артыст Расіі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза дзеячаў эстраднага мастацтва Юрый Антонаў лічыць конкурс "Еўрабачанне" відовішчам для хатніх гаспадынь, для людзей, якія хочуць забавіцца. Такое меркаванне выказаў папулярны спявак сёння на прэс-канферэнцыі ў рамках "Славянскага базару" ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне ніколі не падабалася "Еўрабачанне", гэты фестываль ніколі не выклікаў у мяне добрага стаўлення, - сказаў Юрый Антонаў. - І чым далей гэты фестываль праходзіць, тым горш становіцца".
Юрый Антонаў першапачаткова ўспрымаў "Еўрабачанне" як гумарыстычны фестываль і не разумее, як да гэтага конкурсу можа быць сур'ёзнае стаўленне, паколькі гэта фестываль самадзейнасці, на якім прафесійныя людзі з'яўляюцца толькі выпадкова.
Разам з тым спявак прызнаў, што "Еўрабачанне" адрозніваецца прафесійнай арганізацыяй конкурсу, высокім узроўнем здымкі. А вось рэпертуар артыстаў яму катэгарычна не падабаецца - мала добрых песень.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, ці хацеў бы ён удзельнічаць у "Еўрабачанні" ці не, Юрый Антонаў засмяяўся: "Я - дзядуля для гэтага фестывалю".
Ён прызнаўся, што ў цэлым не любіць перадачы, у якіх удзельнічае шмат-шмат артыстаў, у тым ліку і непрафесійных. А з маладых спевакоў Юрый Антонаў вылучыў Сяргея Лазарава, яму таксама прыемныя Леанід Агуцін, Ігар Суруханаў, Аляксандр Маршал.
Спявак сумняваецца ў тым, што на эстрадзе можа вырасці новы Юрый Антонаў. І яму, дарэчы, не хочацца, каб яго сын і дачка пайшлі па слядах бацькі.-0-