Юры Антонаў гарэлку не п'е, свініну не есць

9 ліпеня, Віцебск /Алена Прус - БЕЛТА/. Народны артыст Расіі толькі ў апошнія гады стаў разумець каштоўнасць здаровага ладу жыцця. Пра гэта ён паведаміў журналістам сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Вадку я не п'ю, свініну не ем", - запэўніў прысутных найпапулярнейшы спявак. І ўспомніў пра тыя часы, калі на гастролях даводзілася харчавацца чым давядзецца ў цягніках, гасцініцах, што адмоўна адбівалася на здароўі. "Ад канцэртаў вельмі стамляешся, узрост моцна ўплывае, - прызнаўся 65-гадовы спявак, на творчасці якога вырасла не адно пакаленне. - Я не хвалююся перад канцэртам, не выкарыстоўваю нейкія фетышы і іншае. Але, на жаль, стан здароўя часам не дазваляе адпрацаваць канцэрт у поўным аб'ёме і зневаволена даводзіцца скарачаць праграму". Магчыма, набрацца сіл яму дапамогуць заняткі спортам. "Вось пабудую новы дом з басейнам - і буду там купацца", - марыць Антонаў. Ён і абяцаную кнігу мемуараў пакуль не піша, бо будаўніцтва гэтага вялізнага, нават помпезнага, па яго словах, дома на 5 гадоў выбіла яго не толькі з эпісталярнага жанру, але і з музычнай каляіны. На пытанні аб стаўленні да музыкі артыст адказаў адназначна: "Я нікога не капіраваў у сваёй творчасці, нічога не запазычваў - пісаў для сябе, а не пад кагосьці". І да грошай у яго сваё стаўленне: яны яму "даюць свабоду, душэўную раўнавагу". Хваліцца багаццем ён лічыць непрыстойным. Юрыю Антонаву сорамна за такіх рускіх, пікантныя гісторыі якіх шакуюць нармальных людзей. "Стараюся сціпла сябе паводзіць", - дадаў ён, але прызнаўся, што ніколі не шкадаваў грошай на музычнае абсталяванне. Можна дадаць, і на ўсялякую жыўнасць, якая ў нязе і камфорце пражывае ў яго старым доме і, хутчэй за ўсё, запоўніць новы. -0-