Да 1 лютага ў Віцебскай вобласці сфарміруюць спісы плацельшчыкаў за ЖКУ ў поўным памеры па Дэкрэце №3

Да 1 лютага будуць сфарміраваны спісы працаздольных грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, і якія будуць плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі па поўным тарыфе.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў на рабочай нарадзе, дзе абмяркоўваліся меры па рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» паведаміў, што першапачаткова ў базу даных трапіла каля 78 тыс. чалавек, не занятых у эканоміцы.

Па выніках працы пастаянных камісій у рэгіёнах з яе былі выключаны 1,5 тыс. грамадзян, якія маюць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя ўчасткі, каля тысячы чалавек, якія працуюць і плацяць падаткі за межамі Беларусі, плацельшчыкі адзінага падатку, якія паспелі працаўладкавацца да канца 2018 года, і іншыя катэгорыі грамадзян.

З астатняй колькасці людзей, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, толькі 18 тыс. чалавек – плацельшчыкі жыллёва-камунальных паслуг, але каля 5,3 тыс. з іх не карыстаюцца гарачым водазабеспячэннем, за якое з 1 студзеня 2019 года павінны расплачвацца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах у 100-працэнтным аб'ёме.

– Спісы ў базах даных пастаянна карэктуюць, над гэтым цяпер працуюць пастаянныя камісіі ў рэгіёнах. У Віцебскай вобласці іх створана 26. Галоўная задача, якая стаіць перад імі, – вывучыць сітуацыю па кожным грамадзяніне, унесеным у спісы, каб выключыць выпадкі неправамернага ўскладання абавязкі ў поўным аб'ёме аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч, падкрэсліўшы пры гэтым, што створаныя камісіі працуюць максімальна справядліва і аб'ектыўна.

За мінулы год імі праведзена 375 пасяджэнняў, у тым ліку 46 выязных. У асноўным грамадзяне прыходзяць за кансультацыяй і тлумачэннем заканадаўча-прававых актаў і норм Дэкрэта №3, прадстаўляюць дакументы, якія пацвярджаюць іх удзел у фінансаванні дзяржрасходаў, таксама звяртаюцца па садзейнічанне ў працаўладкаванні. Так, па рашэнні рэгіянальных камісій 119 чалавек атрымалі працу без накіравання ў службу занятасці, яшчэ 14 адпраўлены на вучобу.

Інфармацыя па нарматыўна-прававых дакументах, складзе, графіку працы і кантактныя даныя рэгіянальных камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва размешчаны на афіцыйных сайтах гар-, райвыканкамаў і адміністрацый Віцебска.

У цэлым, адзначыў Аляксандр Хрыстафораў, сітуацыя на рынку працы на Віцебшчыне пазітыўная: узровень зарэгістраванай беспрацоўнасці – 0,4%, што ніжэй за паказчык мінулага года на 0,3%. На 6350 вакансій у базе абласной службы занятасці прыпадае 2,5 тыс. суіскальнікаў, зарэгістраваных у якасці беспрацоўных.

"Віцебскія весці".