Да «Дажынкаў-2015» у Талачыне будуць пераўтвораны аб'екты сацыяльнай, гандлёвай, прамысловай сферы
Менш за месяц засталося ў Талачына да завяршэння ўсіх распачатых мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да галоўнага свята вяскоўцаў – абласных «Дажынак-2015». Ужо 1 верасня камісійна будзе праверана гатоўнасць усіх 95 аб'ектаў. Цяпер горад уяўляе сабой адну вялікую будоўлю: вядуцца добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц, сквера, плошчы, дваровых тэрыторый, рамонт жылога сектара і аб'ектаў інфраструктуры. Аб тым, што ўжо зроблена да правядзення галоўнага кірмашу-фестывалю Прыдзвіння і якія работы яшчэ трэба завяршыць у тэрмін, наша гутарка са старшынёй Талачынскага райвыканкама Сяргеем Ягоравым.
– Сяргей Валер'евіч, да «Дажынак-2015» засталося зусім няшмат часу, а работ яшчэ, як кажуць, нямала. Ці ўкладваецеся ў намечаныя тэрміны?– Усе запланаваныя аб'екты ахоплены рамонтам, а многія з іх ужо гатовыя да здачы. Тэрміны, якія ўстаноўлены па завяршэнні аб'ектаў абласным штабам для падрадных арганізацый, будаўнікі вытрымліваюць, а дзе-нідзе нават ідуць з апярэджаннем.
– Такіх маштабных будаўнічых работ у Талачыне не праводзілася даўно. Раённы цэнтр ператвараецца літаральна на вачах…
– Вы маеце рацыю. Пераўтварэнне закранула як аб'екты сацыяльнай, гандлёвай, прамысловай сферы і сферы абслугоўвання, так і дарогі, подъезды, вуліцы, зоны адпачынку, жылы сектар.
На сённяшні дзень Цэнтрам культуры стаў гарадскі Дом культуры. Адрэмантаваны ўсе памяшканні і фасад будынка, абноўлена адзенне сцэны, закуплена і ўсталёўваецца новае абсталяванне.
Ключавым аб'ектам «Дажынак», безумоўна, стануць цэнтральная плошча і сквер. Ён разбіты на своеасаблівыя тэматычныя пляцоўкі – зону адпачынку, Алею маладажонаў і дзіцячую гульнёвую. З'явіліся новыя архітэктурныя формы – альтанка ў выглядзе каляскі, мосцік закаханых, узводзіцца арка, якая сімвалізуе злучэнне сэрцаў. Аб'яднае ўсе кампазіцыі сквера музычны фантан з падсветкай, які, па-за ўсякім сумневам, стане адной з галоўных славутасцяў горада. А пакуль над знешнім выглядам плошчы працуе цэлая група дызайнераў і азеляніцеляў – замест старых аварыйных дрэў высаджваюцца шарападобныя кустовыя расліны, дэкаратыўныя туі, клёны, бярозы. Падчас свята тут размесцяцца атракцыёны, прадугледжана стаянка для аўтамабіляў, будуць устаноўлены біятуалеты і кантэйнеры.
Пачаліся работы па афармленні Алеі герояў Талачыншчыны. Альтанка ў выглядзе арэляў і многія іншыя архітэктурныя штрыхі вырабляюцца на сучаснай тэхнічнай базе Круглянскага ПМК-266. Гэтая ж арганізацыя займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы. Эфектыўна працуе пасля завяршэння рамонту па праграме «Дажынак» рэнтгенааддзяленне. Тэстуецца абсталяванне новага міжраённага цэнтра гемадыялізу, дзе змогуць атрымаць дапамогу і жыхары суседніх раёнаў. Змяніўся і знешні выгляд ЦРБ – укладзены тратуар, абсталяваны пешаходныя дарожкі, заасфальтавана вуліца, якая прымыкае да бальніцы.
Вялікі аб'ём работ выкананы па аб'ектах адукацыі. Уцяплілі сцены, адрамантавалі фасады, замянілі вокны і дах, уладкавалі раздзявалкі і кабінеты, з'явілася новая сантэхніка. Спадзяемся на дапамогу Міністэрства адукацыі ў замене мэблі, набыцці інтэрактыўных дошак і мультымедыйных установак, куплі новых камп'ютараў. На тэрыторыі СШ №2 будзе ўстаноўлены адзін з найсучаснейшых спартыўна-развіваючых дзіцячых гульнявых комплексаў.
Завершана будаўніцтва новага аб'екта – цэнтральнай раённай бібліятэкі. Цяпер у двухпавярховым будынку з ліфтам для кніг і прасторнымі памяшканнямі будзе сканцэнтравана бібліятэчная сістэма райцэнтра.
На трасе Р25 замест пустыра з'явілася новая зона адпачынку, выкананая цалкам з прыроднага матэрыялу рукамі майстроў лясніцтва. Адрэмантаваны мост, заасфальтаваны вуліцы і пад'езды да Талачына, укладзена тратуарная плітка. Практычна па ўсіх цэнтральных вуліцах і разгалінаваннях прадугледжваецца асфальтаванне з заходам у дваравыя тэрыторыі. Тыя ж з іх, якія не ўваходзяць у план добраўпарадкавання, таксама не застануцца без увагі. Такі загад пастаўлены перад намі кіраўніком абласнога штаба Аляксандрам Ацясавым – максімальна ўсе вуліцы, якія прымыкаюць да цэнтральных, прывесці ў парадак.
– Як ідуць справы з падрыхтоўкай найбуйнейшага ў вобласці аб'екта грамадскага харчавання – талачынскага рэстарана?
– Рэстаран мае незвычайную архітэктуру, падабаецца як талачынцам, так і гасцям горада. Але з моманту будаўніцтва, 1980 года, ён не абнаўляўся і таму быў уключаны адным з першых у аб'екты рэканструкцыі. Сіламі раённага і аблспажыўсаюза выконваецца вялікі аб'ём работ. Белкаапсаюзам у межах інвестыцыйнай праграмы выдзелены сродкі на рамонт і закупку абсталявання. Рэстаран будзе цалкам абноўлены – і фасад, і ўнутраныя памяшканні. На першым паверсе, на месцы старога сталовіка, размесціцца піцэрыя. З густам абустрайваецца і кафэ для дзяцей з ВК-тэлевізарам.
– Ведаю, што вы асабіста ў складзе мабільнай групы абышлі кожную вуліцу і кожны прыватны дом у Талачыне. З якімі праблемамі сутыкнуліся?
– У сваёй большасці людзі ставяцца з разуменнем да таго, што зараз адбываецца ў райцэнтры. Бо дзякуючы таму, што Талачын абраны месцам правядзення «Дажынак-2015», горад падцягнецца да добрага эстэтычнага і культурнага ўзроўню. Свята працаўнікоў вёскі дасць новы штуршок у развіцці. Жыхары цалкам усведамляюць, што райцэнтр стане больш камфортным для пражывання і цікавым для турыстаў. І ўсё, што зроблена і робіцца, застанецца для нашчадкаў. Таму прыкладаюць усе намаганні, каб надаць адпаведны знешні выгляд сваім дамам – адным колерам фарбуюцца дахі, рамантуюцца платы і г.д. Дапамогу ў гэтым аказваюць і тыя прадпрыемствы, арганізацыі, у якіх працуюць жыхары прыватнага сектара. Пытанні з асобнымі праблемнымі дамамі, што засталіся, вырашацца ў бліжэйшы час.
– Ці стануць упрыгожаннем горада жылыя кварталы і цэнтральныя вуліцы?
— Безумоўна. Капітальным рамонтам ахоплены 22 аб'екты. Цалкам абноўлены фасады, вядзецца ўцяпленне, мяняецца дах, робяцца адмосткі, рамантуюцца ўваходы ў пад'езды. На 8 асноўных сумешчаных пляцоўках завяршаецца добраўпарадкаванне двароў, праводзяцца ўкладка пліткі і асфальтаванне.
На 16 дваровых тэрыторыях плануем з прыцягненнем фінансавай дапамогі арганізацый раёна і вобласці ўсталяваць сучасныя шматфункцыянальныя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.
Цэнтральныя вуліцы горада сталі значна прыгажэйшымі, абноўлены тратуарнае і дарожнае пакрыццё. У цэнтры горада і на скрыжаванні з дарогай Р19 будуць устаноўлены святлафоры. З'явіцца шэраг расцяжак і бігбордаў на святлодыёдах. Абновіцца і цэнтральная сцэна для правядзення масавых мерапрыемстваў. На гэтыя мэты, уключаючы добраўпарадкаванне сквера, устаноўку малых архітэктурных формаў, асвятленне на святлодыёдах, накіраваны сродкі, заробленыя на суботніках.
Нельга не згадаць і пра бульвар ліхтароў па вуліцы Леніна, які стане падарункам жыхарам ад прадпрыемстваў і арганізацый Талачына.
– Сяргей Валер’евіч, што чакае талачынцаў пасля рэарганізацыі камбіната бытавога абслугоўвання?
– Адзін з паспяховых прадпрыемстваў горада – Талачынскі элеватар – пераводзіцца ў раённую камунальную ўласнасць, і на падставе прынятага рашэння будзе праведзена яго аб’яднанне з камбінатам бытавога абслугоўвання. Але з умовай, што будзе ўкаранёны шэраг новых паслуг, якія на сённяшні дзень запатрабаваны.
На базе аднаго з будынкаў КБА на вуліцы Энгельса ў Талачыне плануем зрабіць гандлёва-забаўляльны цэнтр з добраўпарадкаваннем аб’ектаў гандлёвай сеткі, грамадскага харчавання, стварэннем касметычных, масажных кабінетаў, салярыя, комплексу басейн-сауна, більярднай залы, боўлінга і інш. Ёсць планы добраўпарадкаваць пірс да ракі Друць і арганізаваць у гэтым месцы працу летняга выноснага кафэ. Прапрацоўваецца пытанне ачысткі ў гэтай рысе горада вадасховішча і выкарыстання для адпачынку на вадзе лодак, катамаранаў.
– Дзякуй за гутарку.
Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці». Фота аўтара.
Матэрыялы па тэме:
У Віцебску абмеркавалі пытанні фінансавання падрыхтоўкі Талачына да «Дажынак-2015»