Да канца 2022 года кандытарская фабрыка «Віцьба» плануе запусціць яшчэ адзін цэх сухіх сняданкаў
Аўтаномнае прадпрыемства «Салодкая краіна», пабудаванае ў Аршанскім раёне, некалькі гадоў таму далучылася да віцебскай кандытарскай фабрыкі. Тут паспяхова дзейнічае лінія па вытворчасці бісквітаў і глазуры, якую пастаўляюць беларускім вытворцам марожанага, зефіру і іншых прысмакаў. Таму віцебскія кандытары і паставілі перад сабой новую задачу, у сувязі з чым пачалі рыхтавацца да мадэрнізацыі.
– Мы зможам удвая павялічыць аб'ёмы вытворчасці, – адзначае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Ірына Шаўцова. – Так, новая лінія будзе выпускаць да 2,4 тысячы тон сухіх сняданкаў і снекаў у год і дасць унікальную магчымасць эксперыментаваць з разнастайнымі натуральнымі дадаткамі і начынкамі. Робячы акцэнт на натуральнасці і экалагічнасці, мы зможам выпускаць не толькі звыклыя для спажыўца ракавінкі, шарыкі, кольцы, але і звыш дзясятка новых пазіцый, якія не маюць аналагаў па смаку і форме.
За суткі «Віцьба» вырабляе больш за 50 тон прадукцыі, палова гэтага аб'ёму прыпадае на сухія сняданкі. Новы цэх дазволіць стварыць да 60 працоўных месцаў.