Да месца будаўніцтва Сафійскага сабора ў Віцебску пройдзе хрэсны ход
Да месца будаўніцтва будучага Сафійскага сабора ў Віцебску пройдзе хрэсны ход. Вернікі вырушаць у шлях 1 чэрвеня а 11.30 ад Свята-Успенскага кафедральнага сабора.
На месцы, дзе плануюць пабудаваць Сафійскі сабор, "звершыцца малебен Святому Духу на закліканне дапамогі ва ўсякай добрай справе" ў Віцебскай епархіі.
Хрэсны ход і малебен узначаліць архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый.
Нагадаем, у чэрвені мінулага года ў Віцебску асвяцілі месца, дзе хочуць пабудаваць Сафійскі сабор. Новы храм будзе ўзведзены недалёка ад левага берага Заходняй Дзвіны – у парку Партызанскай славы ў раёне вуліцы Чэхава. Царква будзе стаяць на адной восі з будынкам філармоніі. Яна будзе каменнай, сярэдняй па памеры: 26 метраў у шырыню і даўжыню, 35 метраў – у вышыню, разам званіцай.