Да сезона захоўвання ў рэгіёне будуць уведзены ў эксплуатацыю тры сучасныя сховішчы для бульбы і агародніны
Сучаснае бульбасховішча на 4 тыс. т будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў ААТ "Кушлікі" Полацкага раёна да 1 лістапада бягучага года, - паведамляе БЕЛТА. Работы на аб'екце выкананы больш чым на 80%, асноўная частка будаўніцтва завершана, мантуецца абсталяванне.
Бульбасховішча ўяўляе сабой вытворчы комплекс з памяшканнямі для захоўвання і сартавання клубняў, кацельняй і трансфарматарнай падстанцыяй. Бульба будзе захоўвацца ў некалькіх камерах навалам і ў кантэйнерах. Сістэма мікраклімату дазволіць захоўваць клубні аж да новага ўраджаю і кругласутачна іх рэалізоўваць.
Сховішча будзе абсталявана сучаснымі лініямі пагрузкі, сартавання, мыцця і ўпакоўкі клубняў. Тут будзе праводзіцца ўвесь цыкл перадпродажнай падрыхтоўкі. З часам у ААТ "Кушлікі" плануецца наладзіць і першасную перапрацоўку бульбы.
Усяго да сезона захоўвання ў рэгіёне будуць уведзены ў эксплуатацыю тры сучасныя сховішчы для бульбы і агародніны, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Новыя аб'екты таксама будуць запушчаны на Талачынскім кансервавым заводзе і ў фермерскай гаспадарцы "Вармас" (Віцебскі раён). На самыя вялікія аб'ёмы разлічана бульбасховішча кансервавага завода, тут да новага ўраджаю зможа даляжаць каля 24 тыс. т клубняў. У фермерскай гаспадарцы завяршаецца будаўніцтва ўніверсальнага сховішча, разлічанага на 7-8 тыс. т бульбы і агародніны.
"Сельскагаспадарчыя арганізацыі, у якіх вядзецца будаўніцтва сховішчаў, з'яўляюцца базавымі па вырошчванні бульбы. Тут будуць створаны аптымальныя ўмовы для захавання ўраджаю", - адзначылі ў аблсельгасппрадзе.