Да "Славянскага базару" ў гасцініцах Віцебска з'явяцца музычныя нумары
14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Да XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў гасцініцах Віцебска з'явяцца музычныя нумары. Такі падарунак пастаяльцам падрыхтаваў гатэль "Ветразь", расказала карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прыватнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебсктурыст" Людміла Сенькоўская.
Сёлета працягнута работа над стварэннем гатэля-буціка – асаблівага тыпу гасцініцы, у якой нумары адрозніваюцца індывідуальным дызайнам. З больш чым 150 нумароў траціна ўжо маюць персанальныя назвы ў адпаведнасці з афармленнем. "Усходняя казка", "Егіпецкая ноч", "Персікавы рай" дапамогуць адчуць сябе шэйхам або самай Неферціці. Нацыянальным каларытам і цяплом беларускай зямлі адораць нумары "Бульбаш" і "Славянскі". Ёсць нумар "Дзвінскі бровар", перавагу якому аддаюць аматарам аднайменнага піва. Сёлета гатэль рыхтуе сюрпрыз для меламанаў. Для іх афармляюцца нумары "Кармэн-сюіта", "Венскі вальс", "Лунная саната", "Сіці-блюз".
Першымі, хто ацэніць дызайн музычных нумароў, стануць госці "Славянскага базару". Як правіла, у гатэлі "Ветразь" жывуць беларускія спявачкі і музыканты, а таксама ўдзельнікі міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.
У службе размяшчэння Дырэкцыі фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" паведамілі, што ў горадзе для пражывання і адпачынку ўдзельнікаў фестывалю будуць задзейнічаны 13 гасцініц і інтэрнатаў, а таксама прафілакторый "Жалезнякі". На час фестывалю ў іх размесцяцца каля 2,5 тыс. чалавек: артысты, канкурсанты, члены рэжысёрска-пастановачнай групы, тэхнічнай службы, прэса.-0-