Да "Славянскага базару" у Віцебску з'явяцца зіхатлівыя масты і новыя білетныя касы

7 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам зацвердзіў план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Большасць работ па падрыхтоўцы фестывальнага горада павінна быць скончана да 20 чэрвеня. Да гэтага часу да прыёму гасцей будуць падрыхтаваны фестывальныя аб'екты: гасцініцы, канцэртныя пляцоўкі, гандлёвыя аб'екты, месцы масавага адпачынку, вакзалы і аэрапорт. Упершыню гарадскія масты ўночы заззяюць тысячамі агнёў. Бягучы рамонт і светлавое афармленне з'явяцца на ўсіх сямі мастах у цэнтры горада. Для зручнасці гледачоў перасоўныя білетныя канцэртныя касы размесцяцца ў жылых мікрараёнах. Мяркуецца, што іх будзе пяць. XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня.-0-