Да стварэння агульнай інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі прыступілі Віцебская і Пскоўская вобласці
У прыватнасці, рэдакцыі абласных газет «Віцебскія весці» і «Пскоўская праўда», якія ў пачатку чэрвеня ў рамках III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, зрабілі першы крок на шляху медыя-інтэграцыі. Дэлегацыя «ВВ» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Аляксандра Кліцуновава наведала Пскоў, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі «Пскоўскай праўды» і Медыяхолдынгу Пскоўскай вобласці.
У ходзе візіту бакі абмеркавалі спецыфіку працы СМІ ў сучасных умовах, пытанні, якія тычацца падпіскі і распаўсюджвання газет, дадатковай дзейнасці і аказання паліграфічных паслуг, прыцягнення спонсараў і рэкламадаўцаў, абмяняліся вопытам у плане прасоўвання сваіх інтэрнэт-рэсурсаў.
Варта адзначыць, што асобныя праекты пскоўскіх калег зацікавілі віцябчан. Магчыма, некаторыя з ініцыятыў, адаптаваныя да беларускіх рэалій, у бліжэйшы час увасобяцца ў жыццё. Акрамя таго, была дасягнута дамоўленасць аб абмене матэрыяламі паміж «Віцебскімі вестамі» і «Пскоўскай праўдай». А падчас аглядны экскурсіі па Пскове былі выказаны прапановы па стварэнні супольных праектаў у сферах экалогіі, турызму, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Застаецца спадзявацца, што ўсё задуманае ўдасца рэалізаваць, і інфармацыйнае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі будзе развівацца і набіраць абароты так жа актыўна, як і гандлёвае. За 4 месяцы 2016 года віцебскія вытворцы павялічылі пастаўкі сваёй прадукцыі ў Пскоў у 1,4 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га і адгрузілі ў суседні рэгіён тавараў амаль на 11 млн долараў, у тым ліку пшаніцы, збожжавых і мукі – на 6,1 млн, малочнай прадукцыі – на 1,9 млн долараў. Таксама карыстаюцца папулярнасцю ў пскавічоў нашы кандытарскія вырабы, адзенне, абутак, дываны, тканіны, шклавалакно.
Алена ПЕТРАВА, «Віцебскія весці». Фота аўтара.