Да браслаўскіх дактароў хуткай дапамогі змогуць звярнуцца жыхары Даўгаўпілскага краю

Браслаўскія і даўгаўпілскія медыкі прыступаюць да рэалізацыі агульнага праекта. Больш за 220 тысяч еўра ў найбліжэйшы год трэба будзе інвеставаць у сваю базу Браслаўскай райбальніцы.

— Гэты праект уваходзіць у праграму трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія — Літва — Беларусь", — распавядае галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч. — Яго мэта — стварыць умовы для даступнасці пазагранічнага першаснага медыцынскага абслугоўвання на тэрыторыі Даўгаўпілскага краю і Браслаўскага раёна.

Перш за ўсё, як распавёў Аляксандр Уладзіміравіч, трэба будзе глабальна камп'ютарызаваць Браслаўскую раённую паліклініку, дзе агулам будзе ўстаноўлена 29 камп'ютараў і сервер, абсталявана лакальная сетка, у выніку чаго мясцовыя медыкі ў выпадку неабходнасці змогуць абменьвацца патрэбнай інфармацыяй з латвійскімі калегамі.

Акрамя таго, трэба будзе закупіць новую мэблю для паліклінікі і завяршыць значны аб'ём працы для стварэння безбар'ернага асяроддзя і належных умоў для пацыентаў з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, кожны трэці жыхар Браслаўшчыны — пенсійнага ўзросту. Пераадольваць лесвіцы, уздымы і іншыя перашкоды на шляху ў кабінет урача пажылым людзям, гэтак жа як і мамам з маленькімі дзецьмі, слабавідушчым пацыентам, не кажучы ўжо пра інвалідаў-калясачнікаў, няпроста.

Адзінаццаць ФАПаў, дзе ёсць пункты прыёму ўрача, размешчаных паблізу беларускай мяжы ў Даўгаўпілскім краі, таксама падлягаюць удасканаленню.

— Агульны бюджэт новага праекта Еўрасаюза — без малога 700 тысяч еўра, — адзначае старшыня Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта Ніна Пучынская. — Для нашага раёна гэта вельмі важная справа. У адпаведнасці з міжнародным пагадненнем паміж Латвіяй і Беларуссю аб спрошчаным перасячэнні мяжы за два няпоўныя гады выдадзена звыш 19 тысяч дазволаў жыхарам прыгранічча. Сёння ў госці да сваякоў і на адпачынак у нашы краі штодня прыязджаюць дзясяткі латышоў. У выпадку неабходнасці іх абслугоўваюць мясцовыя "хуткія" і паліклініка. У мінулым годзе больш за 100 замежнікаў скарысталіся паслугамі ўстаноў аховы здароўя Браслаўшчыны. Адным словам, атрыманне меддапамогі на тэрыторыі іншай дзяржавы ў прыгранічных рэгіёнах — звычайная справа.

А таму днямі браслаўскія і латвійскія медыкі, а таксама прадстаўнікі органаў улады сабраліся ў Даўгаўпілсе, каб дэталёва абмеркаваць пытанні рэалізацыі узаемавыгаднага для абодвух бакоў праекта. Нашы спецыялісты азнаёміліся з сістэмай аказання першаснай медыцынскай дапамогі ў Малінаўскай воласці, наведалі уралагічны цэнтр і выпрацавалі з замежнымі калегамі план сумеснымі дзеяннямі па прадастаўленні грамадзянам на прыгранічных тэрыторыях абедзвюх краін эфектыўных і якасных медуслуг.

Алена Бегунова, "Рэспубліка"