Кабінет камп'ютарнай тамаграфіі адкрылі ў Віцебскай абласной бальніцы
У Віцебскай абласной клінічнай бальніцы сёння адкрылі новы кабінет рэнтгенаўскага камп'ютарнага тамографа японскай вытворчасці.
Галоўны ўрач абласной бальніцы Яўгеній Матусевіч адзначыў, што ў новага абсталявання значна вышэйшая дакладнасць, выява дазваляе ўбачыць найдрабнейшыя дэталі. Таксама пашырыцца спектр клінічных прымянення апарата.
"Новае абсталяванне дазволіць ставіць дыягназы не толькі пацыентам з COVID-19, але і, улічваючы, што мы нарошчваем аб'ёмы планавай медыцынскай дапамогі, таксама будзем аказваць дапамогу пацыентам кардыяхірургічнага, неўралагічнага, траўматалагічнага профіляў. Астатнія хваробы таксама нікуды не падзеліся", - адзначыў галоўны ўрач.
Усяго ў Віцебскай вобласці 15 КТ, з іх 9 знаходзіцца ў медустановах Віцебска. Да канца года яшчэ адзін апарат з'явіцца ў Глыбоцкай ЦРБ. "Запуску новага КТ усе вельмі чакалі. У абсталяванне і яго ўстаноўку ўкладзена каля Br2 млн. Дзяржава надае вялікую ўвагу абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя. Таксама разумеем, што ў абласной бальніцы трэба праводзіць рэканструкцыю. Думаю, што пасля ўводу ў эксплуатацыю Віцебскай гарадской цэнтральнай бальніцы ў 2022 годзе, наступнай установай аховы здароўя, якую пачнем абнаўляць, стане абласная бальніца", - сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. Ён падзякаваў медыкаў за працу і пажадаў ім здароўя і дабрабыту.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі адзначыў, што сёлета ў медустановах рэгіёна ўсталявалі тры камп'ютарныя тамографы. На гэта выдзеліў грошы Сусветны банк па праекце рэагавання на COVID-19 у Беларусі. "Будаўнікі пастараліся зрабіць аб'ект у абласной бальніцы якасна, ён сучасны, камфортны і сёння вельмі неабходны", - дадаў Міхаіл Вішневецкі.