Кабінет Канфуцыя плануецца адкрыць ў адной са школ Віцебска

Кабінет Канфуцыя плануецца адкрыць у Віцебску на базе сярэдняй школы №44, паведаміў дырэктар установы адукацыі Сяргей Пітоленка ў час візіту ў Віцебск афіцыйнай дэлегацыі горада Цзінаня Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Кабінет Канфуцыя плануецца адкрыць у Віцебску на базе сярэдняй школы №44, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы адукацыі Сяргей Пітоленка ў час візіту ў Віцебск афіцыйнай дэлегацыі горада Цзінаня Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Цяпер кіраўніцтва школы чакае рашэння Дзяржаўнай канцылярыі КНР па міжнародным распаўсюджванні кітайскай мовы (Ханьбань), куды быў накіраваны запыт аб стварэнні ва ўстанове адукацыі кабінета Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Сярэдняя школа №44 з'яўляецца адзінай у Віцебску, дзе вывучаецца кітайская мова, культура і традыцыі, прычым гэтай працы ўжо больш за 10 гадоў. Таксама на базе школы праходзяць заняткі па спартыўным ушу. На сённяшні дзень 145 вучняў 1-8 класа вывучаюць кітайскую мову, у тым ліку 28 - як асноўную замежную. Дзеці рэгулярна ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, а 6 снежня адправяцца прадстаўляць рэгіён на першай рэспубліканскай алімпіядзе па кітайскай мове. Заняткі ў школе вядуць дзве выпускніцы ВНУ КНР, чыя праца ў парадку пагаднення паміж Беларуссю і Кітаем аплачваецца канцылярыяй Ханьбань. Развіццё кітаязнаўства ў СШ №44 усяляк падтрымліваецца пасольствам КНР у Беларусі.

Прадстаўнікі дэлегацыі з Цзінаня на чале з намеснікам старшыні Народнага палітычнага кансультатыўнага савета горада спадаром Фэн Гуанвэнем высока ацанілі ўзровень арганізацыі навучання і веды віцебскіх школьнікаў. На думку дырэктара Сяргея Пітоленкі, абсталяванне кабінета Канфуцыя з інтэрактыўнай дошкай і камп'ютарамі дазволіць дамагчыся яшчэ лепшых вынікаў. На базе кабінета будуць праходзіць урокі, факультатывы, семінары і мерапрыемствы па гісторыі кітайскай культуры і краіназнаўстве.

У Беларусі ўжо працуюць кабінеты Канфуцыя ў некалькіх ВНУ, а таксама ўстановах сярэдняй адукацыі. У Віцебску кітайская мова вывучаецца на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П. Машэрава. "Мы зацікаўлены ў тым, каб больш увагі надаваць чалавечым адносінам паміж нашымі гарадамі (Віцебскам і Цзінанем) і краінамі ў цэлым. Каб умацоўваліся сувязі паміж сацыяльна-культурнымі ўстановамі і ўстановамі адукацыі, арганізацыя кабінета Канфуцыя ў віцебскай школе - выдатны прыклад", - падкрэсліў спадар Фэн Гуанвэнь. Пацвярджэннем гэтых намераў стала падпісанне мемарандума аб умацаванні адносін у сферы культуры і адукацыі паміж кіраўніцтвам Віцебска і Цзінаня ў гонар 5-годдзя пабрацімскіх сувязяў. Падпісанне адбылося падчас сустрэчы афіцыйнай дэлегацыі горада Цзінаня з кіраўніцтвам Віцебска, на якой прысутнічалі прадстаўнікі бізнес-структур абодвух бакоў са сферы дрэваапрацоўкі, машынабудавання, турызму. Прысутныя выказалі ўзаемную цікавасць у развіцці гандлёва-эканамічных адносін, паколькі на сённяшні дзень таваразварот невысокі. Калі ў 2013-м у цэлым паміж Віцебскай вобласцю і КНР ён склаў $231 млн, то ў бягучым годзе імпарт кітайскай прадукцыі ў рэгіён дасягнуў $100 млн (з якіх траціна - з самога Цзінаня), а экспарт - толькі $11 млн.

Кацярына Князева