Якасць меддапамогі павінна адпавядаць чаканням людзей - Мікалай Шарснёў

Вырашэннем задачы павышэння якасці медыцынскай дапамогі ўлады павінны займацца ў цесным кантакце з прафесіяналамі сферы аховы здароўя. Гэта адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які прыняў удзел у пасяджэнні калегіі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама.

Калегія праходзіла напярэдадні Дня медыцынскага работніка (адзначаецца 18 чэрвеня) і пачалася з віншаванняў, уручэння грамат, падзяк і іншых узнагарод. Мікалай Шарснёў адзначыў, што галоўную ацэнку працы медыкаў заўсёды даюць пацыенты. "У нас зроблена нямала ў сферы аховы здароўя, але яшчэ далёка не ўсё. Дзесьці не хапае прафесіяналізму, дзесьці адстаём тэхналагічна. Аб'ектыўных прычын шмат. І задача ўлады, аб'яднаўшы сур'ёзныя намаганні з прафесіяналамі сваёй справы, спецыялістамі-медыкамі, - як мага хутчэй ліквідаваць недахопы, падняць якасць медыцынскай дапамогі да таго ўзроўню, які хочуць бачыць нашы людзі", - сказаў кіраўнік рэгіёна.

"Вы робіце вялікую справу. І за гэта вам агромнае дзякуй", - сказаў губернатар. Асаблівыя словы падзякі Мікалай Шарснёў выказаў у адрас начальніка ўпраўлення аховы здароўя Юрыя Дзеркача. "Асоба кіраўніка заўсёды вельмі важная. У значнай ступені дасягненні медыцыны рэгіёна - гэта заслуга начальніка ўпраўлення", - дадаў старшыня аблвыканкама.

Віншаванні ад міністра аховы здароўя Валерыя Малашка віцебскім медыкам агучыла намеснік міністра Наталля Жукава, якая прысутнічала на калегіі. Медыцынскім работнікам вобласці былі ўручаны ўзнагароды ад міністэрства, аблвыканкама, упраўлення аховы здароўя, прафесійнага прафсаюза, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і інш. На калегіі быў прэзентаваны партал "Здаровыя людзі". Тут можна атрымаць адказы на пытанні па здароўі. Інфармацыя зыходзіць ад высокакваліфікаваных спецыялістаў, з'яўляецца даступнай і дакладнай.

Алена Ціханава - БЕЛТА.