Якасць жыцця беларусаў залежыць ад якасці працы кожнага - меркаванне дэпутата

29 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Якасць жыцця людзей залежыць ад якасці працы кожнага. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, каментуючы Пасланне Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. У выступленні кіраўніка дзяржавы ўвага акцэнтавана на развіцці прамысловасці, эканомікі, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы і іншых галін народнай гаспадаркі, завостралася тэма іх інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця, а таксама неабходнасці паляпшаць якасць працы. "Апошняе асабліва актуальна, бо мэта любой нашай праграмы заключаецца не ў імкненні да пэўных аб'ёмных паказчыкаў, а ў дасягненні якасных вынікаў", - адзначыў Аляксандр Ацясаў, падкрэсліўшы, што толькі якасная праца ўсіх і кожнага дазволіць беларусам вырашыць пытанні фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў, напаўнення бюджэту, выканаць намечаныя сацыяльныя праграмы, а ў выніку павысіць узровень жыцця. Аляксандр Ацясаў таксама абазначыў асаблівую ролю ў гэтым мясцовых органаў улады. "У аснове вырашэння любых пытанняў насельніцтва заўсёды знаходзяцца мясцовыя органы ўлады. Пры гэтым няма пытанняў маленькіх ці вялікіх. Ёсць надзённыя праблемы канкрэтных людзей. І задача і раённых ці гарадскіх Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў - быць на перадавым краі, старацца своечасова і якасна дапамагчы людзям. Толькі такім чынам можна выхаваць у іншых пачуццё адказнасці і жаданне якасна выконваць сваю працу", - лічыць дэпутат.-0-