Кадэцкія вучэльні арыентаваны на патрыятычнае выхаванне моладзі

Кадетские училища ориентированы на патриотическое воспитание молодежи

Кадэцкія вучылішчы даюць якасную адукацыю і арыентаваны на патрыятычнае выхаванне моладзі. Пра гэта ў Полацку заявіў выканаючы абавязкі дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі перадачы копіі старадаўняга беларускага ваеннага сцяга ўзору 1844 года (сцяг Полацкага кадэцкага корпуса) кадэцкаму вучылішчу.

Станіслаў Зась падкрэсліў, што цяпер ужо з абсалютнай упэўненасцю можна гаварыць аб тым, што пяць гадоў таму ў краіне было прынята правільнае дзяржаўнае рашэнне аб стварэнні кадэцкіх вучылішчаў. "Гэтыя хлопцы (кадэты.- Заўвага. БЕЛТА) маюць вельмі добрыя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, духоўнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, важна, што гэтыя вучылішчы заточаны на патрыятычнае выхаванне", - сказаў Станіслаў Зась.

Урачыстая цырымонія адбудзецца ў Полацку на плошчы Свабоды пры ўдзеле кіраўніцтва раёна, вайскоўцаў, грамадскасці і, вядома ж, кадэтаў. Плануецца, што да моманту стварэння ў Полацкім кадэцкім вучылішчы хатняй царквы копія рэліквіі будзе захоўвацца ў Богаяўленскім саборы.

Сцяг полацкіх кадэтаў узору 1844 года быў вывезены з краіны ў 1920 годзе. З 1957 года ён захоўваўся ў сінадальным Знаменскім саборы Нью-Ёрка (ЗША). На працягу апошніх гадоў грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў" вяло перамовы са старшынямі Нью-Ёркскага аб'яднання кадэтаў і Прэзідыумам кадэтаў замежжа па пытанні вяртання рэліквіі на радзіму. Зводная дэлегацыя кадэцкіх вучэльняў Беларусі і Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, прадстаўнікоў міністэрстваў абароны і адукацыі краіны 23 верасня 2013 года перавезла ў Беларусь ларец з часціцамі (некалькі невялікіх фрагментаў састарэлай тканіны) найстарэйшага сцяга. 4 мая 2014 года ў горадзе Белая Царква (Сербія) была праведзена цырымонія перадачы беларусам узнаўленай копіі сцяга (з ушытымі фрагментамі арыгінала). Копія была перададзена на часовае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а сёння яна прыбыла ў Полацк.

Полацкі кадэцкі корпус - пачатковая ваенна-вучэбная ўстанова расійскага імператарскага войска, якая рыхтавала дзяцей і падлеткаў да ваеннай службы. Корпус быў адкрыты ў 1835 годзе па загаду Мікалая I, ён размяшчаўся ў будынках Езуіцкай акадэміі і кляштара, пабудаваных у XVIII стагоддзі. Кадэтаў набіралі з дваранскіх дзяцей Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Кожная губерня дасылала кандыдатаў на залічэнне ў корпус у залежнасці ад памеру пералічанага унёску. Штат Полацкага кадэцкага корпуса прадугледжваўся ў 400 кадэтаў, размеркаваных па чатырох ротах: адна грэнадэрская, дзве мушкецёрскія і адна неранжыраваная. Першы выпуск афіцэраў адбыўся ў 1857 годзе.

У 2006 годзе ў Полацку на базе СШ №4 пачаў дзейнічаць першы кадэцкі клас, а 1 верасня 2010 года (у год 175-годдзя Полацкага кадэцкага корпуса) было адкрыта Полацкае кадэцкае вучылішча.

Алена Ціханава, БЕЛТА.