Кадэты Віцебска і Смаленска адзна́чаць заканчэнне навучальнага года на балу
29 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Навучэнцы кадэцкіх класаў сярэдняй школы №21 г.Віцебска і выхаванцы Смаленскага фельдмаршала Кутузава кадэцкага корпуса адзначаць заканчэнне навучальнага года на балу, які пройдзе 29 мая ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі віцебскай школы.
Пад гукі ваеннага аркестра Віцебскай камендатуры на паркет абласной філармоніі выйдуць 62 пары, у тым ліку 38 кадэтаў 8-х і 10-х класаў віцебскай школы. Партнёркамі віцебскіх кадэтаў стануць удзельніцы ансамбля "Ладушкі" Палаца культуры Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра. Гонар прадставіць на віцебскім балу Смаленскі кадэцкі корпус выпаў дванаццаці юнакам, якіх падтрымаюць удзельніцы смаленскіх танцавальных калектываў. У праграме балу выкананне венскага вальса, полькі, танга і мазуркі. У фінале пары закружацца ў віхуры вальса.
Хоць праграма навучання ў кадэцкіх класах не прадугледжвае танцавальныя ўрокі, віцебскія кадэты на працягу года актыўна асвойвалі асновы харэаграфіі на факультатыўных занятках, якія арганізуюцца на базе раённага Палаца культуры. Правядзенне кадэцкіх балоў стала традыцыйным мерапрыемствам для навучэнцаў кадэцкіх класаў сярэдняй школы №21 Віцебска. Цяперашні бал стане трэцім за час існавання кадэцкіх класаў у 21-й школе, але для ўсіх удзельнікаў танцавальнай феерыі будучы выхад на паркет стане першым.-0-