Кадравы дзень у старшыні аблвыканкама. Шукайце неардынарныя рашэнні
Кадравы панядзелак у старшыні аблвыканкама для запрошаных на сумоўе праходзіць як урок, на якім дэталёва разбіраюцца памылкі адных кіраўнікоў, вучацца на прыкладах допытных мэнэджараў, ставяцца дакладныя задачы для кожнага прадпрыемства. Кожны раз Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў нацэлівае дырэктарскі корпус на пошук аптымальных шляхоў выхаду са складанага становішча, у якім апынулася прадпрыемства. Як баявы камандзір выводзіць сваіх салдат на поле бітвы для вернай перамогі, так і сучасны кіраўнік павінен у няпростых умовах дзейнічаць маланкава, смела, упэўнена і пісьменна.
- Кожны з вас павінен разумець, што трэба зрабіць для паляпшэння эканамічных паказчыкаў, убачыць рэзервы, вывучыўшы затратныя механізмы, загрузіць калектыў працай, каб максімальна атрымаць карысць, - кажа Мікалай Шарстнёў, звяртаючыся канкрэтна да зноў прызначанага дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «ПалітаддзелецАгра» Бешанковіцкага раёна Аляксандра Камовіча, - вызначце прыярытэты, распішыце кожны год і план на пяцігодку. Арыенцір для вас – СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна.
Размова з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў адбылася прынцыповая. Двум з іх – ААТ «Княж» Шаркаўшчынскага раёна і прадпрыемства «Міёрскі» Міёрскага раёна працяг кантрактаў адкладзены. Прычына – адсутнасць станоўчай дынамікі ў развіцці арганізацый, няздольнасць акрэсліць далейшыя крокі па выхадзе з крызісу.
Новаму дырэктару рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Усце» НАН Беларусі» Аршанскага раёна Фёдару Бацяноўскаму даручана вывесці калектыў на перадавыя пазіцыі, стварыўшы ва Усці вучэбную базу для аграрыяў вобласці. У бліжэйшы час кіраўніцтву прадпрыемства разам з вучонымі Акадэміі навук трэба будзе адпрацаваць адзіныя падыходы ў размеркаванні інвестыцый для прадпрыемства, на якім закупляецца племянная жывёла, ствараецца малочнатаварны комплекс на 2,5 – 3 тысячы галоў надойнага статка.
Сур'ёзныя нараканні ў старшыні аблвыканкама выклікае становішча спраў у аграрным сектары ўсяго Мёрскага раёна. Калі на канец верасня ў арганізацыі пасеяна толькі 30-40% азімых, а кіраўнік тлумачыць прычыну адсутнасцю паліва, не інакш, як безгаспадарчасцю тое, што адбываецца, назваць цяжка. Упушчаныя тэрміны – упушчаная выгада. Старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргею Догелю даручана прааналізаваць упушчэнні ў працы аграрных прадпрыемстваў Мёршчыны і падрыхтаваць нараду па гэтай тэме.
У гэты ж панядзелак узгоднены для прызначэння на пасаду выканаючы абавязкі начальніка ГУ «Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці» Павел Белавус. Яму трэба будзе звязаць рэнтабельную працу прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання з сацыяльнай роляй сферы побыту так, каб людзі былі задаволены і казалі «дзякуй».
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў у канцы гутаркі:
- Сучасны кіраўнік павінен адчуваць сябе менеджарам, а значыць думаць на апярэджанне. Мы ідзем у рынак. Ад вас чакаем самастойнай працы, наватарскіх і смелых падыходаў.
Святлана Дзядзінкіна,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі аблвыканкама.