Кадравы дзень у старшыні аблвыканкама. Разлік на вынік
Дырэктарскі корпус аграрнага сектара эканомікі папоўніўся новымі кадрамі. Намеснік дырэктара ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка» Аляксандр Логінаў прызначаны на пасаду дырэктара гэтага прадпрыемства. Кіраўнік аддзялення Наваселле ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» Міхаіл Кавалёнак – дырэктарам гэтага аб'яднання, намеснік дырэктара ААТ «Ведранскае-Агра» Чашніцкага раёна Уладзімір Касцюкоў – дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Красналуцкае». І Логінаў, і Кавалёнак на сваіх прадпрыемствах як родныя, працуюць даўно, ведаюць калектыў, праблемы, бачаць перспектывы. Напрыклад, Міхаіл Кавалёнак да 2010 года восем гадоў кіраваў аб'яднаннем. Цяпер разумее, якія рэзервы ў яго ёсць. Трэба павышаць якасць сяўбы, севазварот фарміраваць так, каб стварыць добрую кармавую базу. Да птушкафабрыкі тыя ж патрабаванні: прадумаць структуру севазвароту так, каб кожны гектар прыносіў максімум прыбытку.
- Шчыльнасць жывёлы ў вас высокая, - звярнуў увагу старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. – А выручка на аднаго работніка ўсяго 184 мільёны рублёў. Гэты паказчык трэба павялічыць у 1,5-2 разы.
Маладому дырэктару Уладзіміру Касцюкову, у якога працоўны стаж невялікі, давядзецца асвойваць азы кіравання сельгаспрадпрыемствам адразу на практыцы.
- Якім чынам плануеце павялічваць выручку, якая складае ўсяго 95 мільёнаў рублёў на аднаго работніка? - спытаў Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў.
- За кошт паляпшэння сартнасці і таварнасці малака і мяса.
- Ад кармоў шмат што залежыць. Плюс чалавечы фактар. Пачуццё гаспадара нікога не падводзіла. Лічбы, прапушчаныя праз сэрца, здольныя падняць эканоміку прадпрыемства.
Для ўзгаднення прызначэння на пасаду начальніка ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкама прадстаўлена Святлана Мядзведская, якая раней працавала начальнікам аддзела інвестыцый і інавацый упраўлення інвестыцыйнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Старшыня даручыў новаму кіраўніку пасля дэталёвага аналізу сітуацыі з цэнаўтварэннем у рэгіёне падысці да рэгулявання цэн з улікам інтарэсаў кожнага прадпрыемства.
- Працаваць трэба на развіццё эканомікі вобласці, - сказаў Мікалай Шарснёў.
Сярод запрошаных для падаўжэння кантрактаў – вядомыя ў вобласці дырэктары мясакамбінатаў Глыбоцкага і Мёрскага: Анатоль Дук і Віктар Бандарэнка. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў заслужана карыстаецца попытам у пакупніка, як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Старшыня аблвыканкама паставіў задачу перад дырэктарамі – павялічыць аб'ёмы вытворчасці, а таксама рэалізацыю прадукцыі ў горадзе Мінску. Справа ў тым, што экспарт мясной прадукцыі ў Расійскай Федэрацыі з-за працяглага аслаблення курса расійскага рубля да долара ЗША з улікам кан'юнктуры цэн на расійскім рынку, што складваецца, вядзе да стратнай працы прадпрыемстваў. Мікалай Шарснёў звярнуў увагу і на тое, што да пытання загрузкі Мёрскага мясакамбіната сыравінай павінна падключацца кіраўніцтва аб'яднанай структуры, якая ствараецца на базе ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».
Узгоднены падаўжэння кантрактаў дырэктару Пастаўскага ільнозавода Пятру Скурко, дырэктару філіяла «Лучоса» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» Сяргею Шалуху.
Мікалай Шарснёў пажадаў усім, хто прайшоў сумоўе, творчага падыходу да справы. Будзеце працаваць па-старынцы – жыццё раздушыць.
Святлана Дзядзінкіна,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі аблвыканкама.