Кадравы дзень у старшыні: Рэзервы – у эканоміі выдаткаў

Патрабаванні старшыні аблвыканкама да эканамічнага звяна ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў узрастаюць. Менавіта эканаміст райсельгаспрода пры прызначэнні на пасаду новага кіраўніка гаспадаркі на сумоўі ў кіраўніка вобласці павінен прадставіць дэтальны бізнес-план, па якім кіраўнік прадпрыемства атрымае пуцёўку ў далейшае жыццё. На гэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў зрабіў акцэнт падчас узгаднення на пасады дырэктараў ААТ «Іванскі – Агра» Чашніцкага раёна - Ігара Мароза і КУСГП «Гняздзілава-Агра» Докшыцкага раёна - Генадзя Парцянка. 

 

Начальнік аддзела эканомікі Чашніцкага райсельгаспрода Таццяна Махрава, прадстаўляючы праграму дзеянняў для ААТ «Іванскі-Агра», назвала асноўныя праблемныя паказчыкі, з якіх новаму кіраўніку неабходна пачынаць працаваць: нізкія надоі не дазваляюць павялічыць валавую вытворчасць малака, невысокая таварнасць малака. Але губернатар хоча пачуць канкрэтныя прапановы. За кошт чаго прырастаць гаспадарцы, якія механізмы зніжэння затрат на вытворчасць сельгаспрадукцыі? Калі плануеце павялічыць вытворчасць збожжавых, то за кошт чаго?

 

-Сёння эканаміст кіруе вытворчым працэсам. Ён – і ў полі, і ў машынна-трактарнай майстэрні, і на ферме – галоўны. Ад вас патрэбны не тэарэтычныя разлікі, а рэальная практычная дапамога, - кажа Мікалай Шарстнёў. Свежы прыклад – як дзякуючы пісьменным рашэнням спецыялістаў у гаспадарцы пад Віцебскам за месяц павялічылі прадукцыйнасць статка ў тры разы!

 

«Гняздзілава-Агра» - адно з валаўтваральных прадпрыемстваў у Докшыцкім раёне. Новаму дырэктару давядзецца грунтоўна ўнікаць у спецыфіку сельскагаспадарчай вытворчасці, забяспечыць камплектацыю дойнага статка, каб павысіць яго прадукцыйнасць, адсочваць выкананне кожнага паказчыка.

 

З 2011 года кіруе ААТ «Даватарскі» у Шаркаўшчынскім раёне Сяргей Струй. За гэты час тут павялічыўся валавы збор збожжа ў 2 разы, рапсу - у 2,5. Выраслі паказчыкі па ўраджайнасці, надоях малака. Але вельмі недастаткова нарыхтавана кармоў – усяго 18.8 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Падвяла кукуруза. Лагічна сеяць гэту культуру з разліку, што будзе вытрыманы поўны цыкл тэхналагічнага догляду, унесены ўсе неабходныя ўгнаенні. Тады і вынік будзе. Прыярытэт у пасевах шматгадовых траў неабходна аддаваць клеверу ў чыстым выглядзе, аддача будзе куды больш, да таго ж клевер спрыяе назапашванню азоту ў глебе. Эканамісты падлічылі, затраты пры вырошчванні аднаго гектара клевера ў 4 разы менш, чым выгадаваць гектар кукурузы. Гаспадаркам рэкамендуюць у збожжавай групе павялічваць пасевы зернабабовых.культур у чыстым выглядзе (гароху пасяўнога).

 

Няпростыя умовы для развіцця раслінаводства і на землях ААТ «Чарневічы» Глыбоцкага раёна (дырэктар Уладзімір Бабіч). Пагорысты рэльеф не дазваляе выйсці на добрыя паказчыкі па ўраджайнасці. Тут трэба аптымізаваць структуру пасяўных плошчаў, падабраць культуры, спрыяльныя для такога ландшафту.

 

Наладжваецца вытворчасць у філіяле «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» (дырэктар Яраслаў Сінкавец). Расце пагалоўе жывёлы, сярэднясутачныя прывагі, выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Інтэграцыя з малочнакансервавым камбінатам дэманструе устойлівыя вынікі. Дадзена даручэнне далучыць да філіяла плошчы суседняй гаспадаркі, пашырыўшы такім чынам кармавую базу для жывёлы.

 

На сумоўе для ўзгаднення падаўжэння кантрактаў былі запрошаны і дырэктары ААТ «Птушкафабрыка Аршанская» Тадэуш Баркоўскі і ААТ «Вымяральнік» - Юрый Рэшка.

 

Птушкафабрыка не выканала паказчыкі па аб'ёмах вытворчасці яйца. На гэта паўплывалі праблемы з камплектацыяй куранятамі. Каб сітуацыя не паўтаралася, Мікалай Шарснёў даў даручэнне старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргею Догелю падабраць пустыя памяшканні для стварэння пляцоўкі пад бацькоўскае статак яечных курэй. У вобласці - чатыры птушкафабрыкі, а камплектавацца даводзіцца завозным матэрыялам з іншых абласцей. Стварэнне ўласнай базы будзе спрыяць зніжэнню сабекошту фінальнай прадукцыі.

 

ААТ «Вымяральнік» выпускае інавацыйную навукаёмістую прадукцыю. Справы гэтага наваполацкага прадпрыемства пайшлі ўгару дзякуючы ўключэнню ў шэраг важных сумесных беларуска-расійскіх праграм, сярод якіх і праграма Саюзнай дзяржавы.

 

На пасаду намесніка старшыні Шумілінскага райвыканкама, які курыруе сацыяльны блок, назначана Ірына Шалахава, якая раней працавала старшынёй Дабейскага сельскага Савета дэпутатаў Шумілінскага раёна.

 

Мікалай Мікалаевіч пажадаў новаму намесніку самастойнасці ў прыняцці няпростых

кіраўніцкіх рашэнняў.

 

- Наша задача – захаваць працоўныя калектывы, пераламіць сітуацыю, каб ад удзелу кожнага ў вытворчым працэсе залежала яго рэальная заработная плата. Шукаць рэзервы ў эканоміі затрат і дзесяць разоў падумаць, куды ўкласці з'явіўся свабодны рубель, - падкрэсліў старшыня, напуццваючы кіраўнікоў арганізацый вобласці.

 

Святлана Дзядзінкіна,
галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення 
ідэалагічнай работы, культуры 
і па справах моладзі аблвыканкама.