Кадравы дзень у старшыні Віцебскага аблвыканкама
Прыкладна паўгода таму ў РСУП ”Сельскагаспадарчая эксперыментальная база ”Усце“ Аршанскага раёна з’явіўся гаспадар – Фёдар Ботяноўскі. Афіцыйна ён, вядома, дырэктар. Аднак дырэктар там і да яго быў, а вось гаспадара – не было. Інакш хіба дапусціў бы, каб сельгаспрадпрыемства ўваходзіла ў зімоўку ўсяго з 11 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы? Маладняк на фермах у гною тануў, у кароўніках, лічы, ніводнага прычэпа не было, каб корму падвезці... Ботяноўскі са сваім велізарным вопытам працы ў сельскай гаспадарцы Міншчыны ўпрагся і, можна сказаць, ужо выцягнуў прадпрыемства з ямы, у якой яно знаходзілася, на перадавыя пазіцыі ў вобласці.
Гэты факт як наглядны прыклад ролі і ўплыву кіраўніка на становішча спраў у калектыве прывёў Мікалай Шарстнёў на чарговым кадравым дні старшыні аблвыканкама, дзе чатыром кіраўнікам былі ўзгоднены прызначэнні на пасаду і яшчэ чацвярым – працяг кантрактаў.
У вобласці працягваецца інтэнсіўнае амаладжэнне кіраўніцкіх кадраў, у тым ліку ў выканаўчай вертыкалі. У прыватнасці, 34-гадовы Сяргей Галынчык з пасады старшыні Беліцкага сельвыканкама ідзе на пост намесніка старшыні Сенненскага райвыканкама.
У 2016 годзе Сенненшчыне трэба будзе прымаць абласныя ”Дажынкі“, і прыйсці да гэтага яна павінна з добрымі паказчыкамі. Пакуль пахваліцца асабліва няма чым, ураджайнасць тут апошнія гады вагалася ў межах 17-21 ц/га. Нізкія ўраджаі абярталіся бяскорміцай для жывёлы, невысокімі надойкамі і прыбаўкамі, а значыць, і вельмі сціплым прыбыткам. Сёлета раён выйшаў на 33 ц/га. Вырашчаная прадукцыя павінна быць рэалізавана ў жывёлагадоўлі, каб вярнуцца добрымі грашыма за здадзенае мяса і малако.
– Вам трэба будзе правільна сфарміраваць эканоміку рэгіёна, падабраць пісьменную каманду гаспадарнікаў, – напуціў С.Галынчыка кіраўнік вобласці.
33-гадовы Алег Януковіч працаваў галоўным энергетыкам вытворчага унітарнага прадпрыемства камунальнай уласнасці ”Мёрскі“, а ўзначаліць яму трэба ААТ ”Чарасы“ Мёрскага раёна. Каб забяспечыць дыктат тэхналогіі ў гаспадарцы, яму давядзецца навучацца аграрным прэмудрасцям на хаду, абапіраючыся на галоўных спецыялістаў, вопытных калег па дырэктарскім корпусе, раённы і абласны камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Тым больш што ў гаспадарцы ёсць моцны козыр, з якім новаму дырэктару можна ісці ва-банк: стабільная колькасць працоўнага калектыву, якая захоўваецца на працягу апошніх 5 гадоў. Штосьці ж тут людзей трымае?
Нават беглы эканамічны аналіз паказвае, што на 4 600 га зямлі, з якіх ворныя зямлі – больш за 3000, дайная чарада з 600 галоў, якая маецца ў гаспадарцы – мала. Пры такой колькасці для станоўчай рэнтабельнасці гадавы надой малака ад каровы павінен быць парадку 10 000 літраў, а ён не паднімаецца вышэй за 3 000, хоць забяспечанасць кармамі добрая – 38 ц.к.а. на ўмоўную галаву жывёлы. На пытанне, чаму так адбываецца, Алег Баляслававіч з горам уздыхае: чалавечы фактар...
– Каб падобнага не было, кіраўнік павінен задаваць тон, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. – У Вас няма ні дня на разгойдванне! Выніковасць працы работнікаў і спецыялістаў павінна адсочвацца на кожнай стадыі работ.
Валянціна Лабейка – стары-новы кіраўнік КСУП ”Ульскі“ Шумілінскага раёна. Будучы намеснікам дырэктара гаспадаркі па вытворчасці, трапіла пад ”жорны“ рэарганізацыі, калі іх гаспадарку спрабавалі далучыць да РСУП ”Лоўжанскі“. Аб'яднанне потым адмянілі, а яна з красавіка 2013 года так і працягвала выконваць абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства.
Як добрая гаспадыня, Валянціна Уладзіміраўна дакладна ведае, дзе, што і ў якім "катле" у яе варыцца. Маецца добры касцяк механізатарскіх кадраў, кармоў у дастатку. Для "Ульскага" сёння галоўнае – аздаравіць і павялічыць дойнае статак, паколькі за апошнія два гады парадку 2 000 маладняку прадпрыемства было вымушана ва ўрон уласным інтарэсам паставіць на жывёлагадоўчы комплекс у "Лоўжанскі". Цяпер стварылі адкормачную групу з цялушак, гадуюць папаўненне для сябе. Дамовіліся аб пастаўцы пародзістых нецеляў з гаспадарак Полацкага раёна. Іншымі словамі, перспектыву гаспадаркі В.Лабейка бачыць і працуе на яе.
Мікалай Шарснёў даручыў камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама падтрымаць кіраўніка, каб даць прадпрыемству штуршок для хуткага руху наперад.
– Нізкія надоі і памяньшэнне пагалоўя дойнага статка – праблема, характэрная не толькі для "Ульскага", але і ўсяго Шумілінскага раёна. Яна ўсугубляецца слабасцю жывёлагадоўчых кадраў, у тым ліку даярак, – лічыць кіраўнік вобласці. – Аблсельгаспраду неабходна звярнуць пільную ўвагу на ўмацаванне сельскагаспадарчых кадраў у гэтым рэгіёне.
Вельмі прыстрасны "экзамен" пры ўзгадненні працягнення кантракта прыйшлося вытрымаць Дзмітрыю Петрашку, які 6 гадоў кіруе ЗАТ "АСБ-Агра Наватар" Бешанковіцкага раёна. Нягледзячы на вопыт, ён таксама апынуўся не застрахаваны ад памылак. Закамплектаванасць жывёлагадоўчага комплексу нецелямі, зніжэнне амаль на траціну забяспечанасці гаспадаркі цялушкамі, невысокая таварнасць малака, выхад цялят ад 100 кароў не перавышае 60 адзінак... Гэта менавіта тыя вузкія месцы, з-за якіх сельгаспрадпрыемства губляе прыбытак.
– У кожнай гаспадарцы маецца нямала падобных упушчаных рэзерваў, - адзначыў старшыня аблвыканкама. – Добры кіраўнік абавязаны іх выкарыстоўваць. Дырэктары не павінны пагружацца ў бягучку, для гэтага ёсць спецыялісты. Ваша задача – пралічваць перспектыву развіцця, ствараць правілы гульні для эфектыўнай працы.
Віктару Твярдоўскаму з пасады галоўнага інжынера дзяржаўнага аб'яднання ”Віцебскхарчпрам“ давядзецца перайсці на пасаду генеральнага дырэктара. У найскладанейшы перыяд ён бярэ на сябе кіраванне гэтай структурай: перспектыва па прадпрыемствах алкагольнай сферы пакуль не праглядаецца, ”Салодкая краіна“ па вытворчасці бісквітаў у Оршы загружана ледзь на чвэрць, збыту няма, грошы таксама адсутнічаюць. І падобных пытанняў – уйма па ўсіх напрамках працы аб'яднання. Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, ад новага кіраўніка ў першую чаргу патрабуецца стварэнне ўмоў для развіцця прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад ”Віцебскхарчпрама“.
Дырэктар філіяла ”Наваполацкі хлебазавод“ ААТ ”Віцебскхлебпрам“ Сяргей Зіноўеў атрымаў узгадненне падаўжэння кантракту. На пасадзе ён 10 гадоў. Прадпрыемства ў яго яшчэ не старое, вытворчыя лініі нядаўна мадэрнізаваны. Праўда, маецца ў наваполацкіх пекараў свая спецыфіка: іх завод адзіны сярод профільных у рэспубліцы, які не мае ўласнага раёна для збыту прадукцыі. І хоць яны пастаўляюць свае хлебабулачныя вырабы і аўсянае печыва ў Мінскую вобласць, Себежскі раён Расійскай Федэрацыі, а пры неабходнасці ”закрываюць“ і бліжэйшы Полацкі раён, вытворчыя магутнасці прадпрыемства недазагружаны на чвэрць. Перспектыву наваполацкія хлебапёкі бачаць у развіцці кандытарскага напрамку.
Аднак кіраўнік вобласці лічыць, што ў найбліжэйшай будучыні непазбежна ўстане пытанне аптымізацыі прадпрыемстваў хлебавытворчасці, паколькі наяўнасць хлебазаводаў у Полацку і Наваполацку спараджае непатрэбную канкурэнцыю на спажывецкім рынку дадзенага рэгіёна.
Пры ўзгадненні падаўжэння кантрактаў дырэктарам КУВП ЖКГ ”Лепель“ Віктару Мазаву і УП ЖКГ Пастаўскага раёна Ільі Глушонку асабліва было адзначана, што ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы работы – непачаты край. Большасць пытанняў, прычым пераважна дробных, з якімі насельніцтва вобласці звяртаецца да кіраўніцтва, тычыцца дадзенай сферы. У кожным раёне іх неабходна сістэматызаваць і паслядоўна вырашаць.
Напрыканцы Мікалай Шэрстнёў у чарговы раз падкрэсліў, што ў сучасных умовах працаваць па-старынцы немагчыма. Сёння патрэбны кіраўнікі, якія ўмеюць не толькі кіраваць калектывам, але і лічыць грошы. Для аграрыяў да гэтага дадаецца неабходнасць жорсткай дыктатуры тэхналогіі, без якой поспеху не будзе.
Людміла Мышлёнак,галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.