Кадравы дзень у старшыні Віцебскага аблвыканкама. Прызначаны новыя кіраўнікі

Кадровый день у председателя Витебского облисполкома. Назначены новые руководители
Традыцыйна пры ўзгадненні прызначэння на пасаду новых кіраўнікоў або падаўжэння кантрактаў дзеючым топ-менеджарам старшыня аблвыканкама дае ацэнку эканамічнай сітуацыі ў адпаведных рэгіёнах і на прадпрыемствах.

Традыцыйна пры ўзгадненні прызначэння на пасаду новых кіраўнікоў або падаўжэння кантрактаў дзеючым топ-менеджарам старшыня аблвыканкама дае ацэнку эканамічнай сітуацыі ў адпаведных рэгіёнах і на прадпрыемствах, коратка афармляе сваё бачанне перспектыў іх далейшага развіцця. Не стаў выключэннем і кадравы дзень на бягучым тыдні.

На гэты раз своеасаблівы ”бенефіс“ адбыўся ў Браслаўскім раёне. На месца намеснік старшыні райвыканкама ўзгоднена кандыдатура былога дырэктара крамы ”Еўраопт“ у Браславе Сяргея Ракава, падаўжаны кантракты дырэктарам ААТ ”Межаны“ Вользе Балочка і ”Альшанка“ Паўлу Багародзю.

30-гадоваму Сяргею Ракаву трэба будзе курыраваць у раёне пытанні эканомікі. Яму давядзецца выцягваць вельмі нялёгкі воз праблем без надзеі на хуткія фінансавыя паступленні ў раённы бюджэт, паколькі прамысловасці ў рэгіёне няма, сяло запушчана, а для развіцця турыстычнага патэнцыялу адсутнічае неабходная інфраструктура.

Усё гэта новы намеснік старшыні райвыканкама разумее. І згодны з Мікалаем Шарснёвым, які лічыць сітуацыю, што склалася, следствам адсутнасці пісьменнай стратэгіі развіцця раёна з прывязкай да існуючых рэалій. На дадзеным этапе задача новага намесніка старшыні райвыканкама складаецца ў тым, каб стабілізаваць эканоміку рэгіёна і паслядоўна вывесці прадпрыемствы на рэнтабельную працу.

Вольга Балочка ў ААТ ”Межаны“ дырэктарствуе чацвёрты год і выдатна бачыць слабыя месцы ў эканоміцы свайго сельгаспрадпрыемства. Найбольш балючым момантам з'яўляецца катастрафічная недастача тэхнікі: на адзін трактар прыпадае каля 168 гектараў ворыва, што не дазваляе ўкладвацца ў прадугледжаныя тэхналогіяй тэрміны сяўбы і атрымліваць добрыя ўраджаі.

А тут яшчэ агульная для Браслаўшчыны бяда – дзікія кабаны, якія, нібы каток, пластуюць пасевы збожжавых, ды і канюшыны з кармавымі травамі грунтоўна “пераараюць“. Дзе ўжо тут казаць пра забеспячэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы ўласнымі канцэнтратамі! Кармы “Межаны“ вымушаны завозіць, пачынаючы з 2008 года. Пагалоўе кароў колькасцю ў 720 галоў гаспадарка ледзь цягне, а бедны рацыён у 2014 годзе, напрыклад, дазволіў надоіць ад буранкі ўсяго толькі па 1600 літраў малака. Пры такім раскладзе сярэдні заробак у сельгаспрадпрыемстве не перавышае 2 млн. рублёў.

Мірыцца далей з падобным становішчам спраў, лічыць кіраўнік вобласці, нельга. Выйсце бачыцца ў тым, каб не распыляць сілы і сродкі па розных напрамках, а сканцэнтраваць іх на развіцці мясной жывёлагадоўлі. Паралельна неабходна больш увагі надаць трусаводству. Бо “Межаны“ – адзінае сельгаспрадпрыемства ў вобласці, дзе займаюцца гэтым напрамкам, дадзеная прадукцыя запатрабавана Аршанскім мясакамбінатам для вытворчасці дзіцячых кансерваў.

Аб неабходнасці перамен у сельскагаспадарчай вытворчасці Браслаўшчыны гаварыў і дырэктар ААТ ”Альшанка“ Павел Багародзь. Вопытны аграном, ён ужо 13 гадоў кіруе гаспадаркай і бачыць, што складзеная ў раёне структура сельгасугоддзяў не адпавядае структуры глебы. Але ёсць даведзеныя зверху заданні па сяўбе яравых і азімых, дзяржзаказ па здачы збожжа дзяржаве, што не дазваляе ажыццявіць кардынальныя перамены.

Кіраўнік вобласці лічыць, што 19,3 цэнтнера кармавых адзінак, якія атрымліваюцца ў ”Альшанцы“ з аднаго гектара сельгасугоддзяў, – вынік мізэрны. Любому прадпрыемству для нармальнай эканомікі трэба мець на выхадзе разы ў тры больш. Гэта магчыма пры гаспадарскім падыходзе да справы. Менавіта ў зямлі хаваецца асноўны рэзерв аграпрамысловага комплексу вобласці, перакананы Мікалай Шарснёў.

З улікам узнятай праблемы камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама даручана старанна адпрацаваць севазварот для кожнага сельгаспрадпрыемства.

На пасаду першага намесніка Пастаўскага райвыканкама ўзгоднена кандыдатура Сяргея Чэпіка, які ўзначальваў ААТ ”Кураполле-агра“. Яму трэба будзе адказваць за аграрны сектар рэгіёна, і старшыня аблвыканкама ў напутлівым слове асабліва падкрэсліў неабходнасць няўхільнага выканання тэхналогіі вырошчвання кожнай сельскагаспадарчай культуры.

– Кіраўнік, які адказвае за аграрную палітыку, павінен перш за ўсё быць тэхнолагам. А практыка паказвае, што неабходных ведаў у спецыялістаў райсельгаспродаў вобласці не хапае, адсюль і многія праблемы, – адзначыў Мікалай Шарснёў.

Пастаянным галаўным болем кіраўніцтва вобласці з'яўляецца ў апошнія месяцы ААТ ”Лепельскі малочнакансервавы камбінат“

. Галоўная бяда прадпрыемства – вялікая закрэдытаванасць. Працэнты па крэдытах ”з'ядаюць“ ільвіную долю выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Непрадуманая маркетынгавая палітыка не дазваляе своечасова разлічвацца з гаспадаркамі, якія ўваходзяць у сыравінную зону камбіната, у сваю чаргу заганяючы ў крэдытную кабалу аграрыяў.

Неабходна кардынальна мяняць схему працы ў малочнай вытворчасці, лічыць кіраўнік вобласці. Пры перапрацоўчых заводах павінны стварацца абслугоўваючыя групы для прафілактыкі і рамонту даільнага абсталявання на малочна-таварных фермах і комплексах. Хто, як не перапрацоўшчыкі, зацікаўлены ў высокай якасці малака?

Вырашаць азначаныя праблемы трэба ўзгодненаму на пасаду дырэктара ААТ ”Лепельскі малочнакансервавы камбінат“ Аляксею Садоўскаму, які да новага прызначэння працаваў тут намеснікам па эканамічных пытаннях.

А вось узгодненая на пасаду дырэктара СВК “Свіціна-ВМК” Людміла Мамойка, якая да таго працавала ў гаспадарцы намеснікам кіраўніка, мае для далейшай працы добрыя стартавыя ўмовы. Асноўны ўпор прадпрыемства робіць на свінагадоўлю, і хоць АЧС у свой час некалькі пахіснула яго фінансавае дабрабыт, тым не менш рэнтабельнасць станоўчая, выручка на аднаго працаўніка ў 2014 годзе склала 218 млн рублёў. Але паколькі “жывыя” грошы тут, як і паўсюль, вяскоўцы атрымліваюць за здадзенае малако, кіраўнік вобласці даручыў новаму дырэктару ў першую чаргу павялічыць прадукцыйнасць і колькасць надойнага статка.

Свініна – напрамак прыбытковы, але для добрых прываг неабходна збожжа, вырошчванне якога на Віцебшчыне затратна. Дасягнуць станоўчай рэнтабельнасці можна, толькі забяспечыўшы ўраджайнасць больш за 40 цэнтнераў з гектара. Сёння “Свіціна-ВМК” выйшла на гэты ўзровень, а па пшаніцы і трыцікале паказчык чакаецца яшчэ вышэйшы. А вось летась ураджайнасць не перавысіла 24 цэнтнеры. Сакрэт такога прыкметнага рыўка Мікалай Шарснёў бачыць у тым, што гаспадарка павярнулася тварам да тэхналогіі вырошчвання збожжавых культур – своечасова пасеялі, практычна ў поўным аб’ёме ўнеслі неабходныя ўгнаенні. Гэта наглядны прыклад для іншых гаспадарак вобласці.

Сярод кіраўнікоў, якія атрымалі ўзгадненне прызначэння на пасаду, дырэктар ААТ “Тэхніка сувязі” Андрэй Міхасёў і намеснік кіраўніка ГУ “Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск” Алег Пятроў.

Падаўжэнне кантрактаў узгоднена таксама дырэктарам ААТ “Поставымебель” Сяргею Зямчонку, “Якубава-Агра” Дубровенскага раёна Уладзіміру Мінькову, УПП “Віцебская абласная друкарня” Яўгенію Ларычаву.

– Абавязак кіраўніка заключаецца ў тым, каб зрабіць жыццё ў давераным калектыве лепшым, – сказаў напрыканцы старшыня аблвыканкама. – Калі ён не забяспечвае далейшае развіццё прадпрыемства – значыць, знаходзіцца не на сваім месцы.

Людміла Мышлёнак,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення

 ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.