Як будзе выглядаць першы ў Полацку памятны знак у гонар памежнікаў?
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага пагранатрада падпалкоўнік Дзяніс Глебко, да рэалізацыі праекта, ініцыяванага камандаваннем пагранатрада, далучыліся заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь Юрый Градаў – адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу «Хатынь» – і член Беларускага саюза мастакоў, скульптар Дзмітрый Аганаў.
Памятны знак з дэкаратыўнага бетону з мармуровай крошкай і элементамі з бронзы ўяўляе сабой 4-метровую стэлу ў выглядзе пагранічнага слупа з гербам Рэспублікі Беларусь. Завяршае яе аб'ёмнае выява сокала, які сімвалізуе пагранічніка – пільнага вартаўніка рубяжоў дзяржавы. Вобраз мяжы, непарыўнай сувязі сучаснасці з мінулым чытаецца ў гарызантальнай частцы кампазіцыі. У цэнтры яе — барэльефная копія карціны Напалеона Орды, на якой захаваны Сафійскі сабор у Полацку, па краях — эмблемы Полацкага пагранатрада і органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Арыенціровачны кошт работ складае 132 тысячы рублёў. Мяркуемае месца ўстаноўкі — тэрыторыя мемарыяльнага комплексу «Курган Бессмяротнасці» ў Полацку.
Стварэнне скульптурна-манументальнай кампазіцыі вядзецца за кошт добраахвотных ахвяраванняў вайскоўцаў, грамадзянскага персаналу воінскай часці і ветэранаў органаў пагранічнай службы. Садзейнічанне аказалі таксама арганізацыі і прадпрыемствы рэгіёна. У прыватнасці, свой уклад ужо ўнеслі прадстаўнікі Полацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» (старшыня Фёдар Еськоў), ТАА «Юджэн» (дырэктар Уладзімір Рогаўнёў) і філіяла «Полацкводаканал» УП «Віцебскаблвадаканал» (дырэктар Аляксандр Фелісаў).
Прыняць удзел у стварэнні памятнага знака ў гонар памежнікаў усіх часоў можна, пералічыўшы грашовыя сродкі на разліковы рахунак Полацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў органаў памежнай службы»: 211401 Віцебская вобласць, г. Полацк, вул. Ф.Скарыны 4, р/с BY56AKBB31350907403982300000, УНП 300998897, філіял №216 ААТ «АСБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21216.
"Віцебскія весці". Фота прадастаўлена Полацкім пагранічным атрадам.