Як часта сямейныя пары вобласці звяртаюцца за разводам у органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану?
Нагадаем, што цяпер муж і жонка, якія ўзаемна вырашылі разарваць путы Гіменея, не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак, могуць звяртацца не ў суд, а ў ЗАГС па месцы жыхарства мужа ці жонкі. Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2013 года. Дадзенае новаўвядзенне было вымушанай мерай для таго, каб разгрузіць судовыя органы ад вялікай колькасці грамадзянскіх спраў і пакінуць у іх кампетэнцыі толькі тыя шлюбаразводныя працэсы, якія патрабуюць разбору. У той жа час мы пацікавіліся, наколькі ўзмацніўся паток зваротаў у аддзелы ЗАГС у сувязі са зменамі ў заканадаўстве?
– Па стане на 25 лютага бягучага года органамі ЗАГС вобласці было скасавана 78 шлюбаў, з іх 28 – па Віцебску, – каментуе галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Таццяна Ягорава. – У прынцыпе, вялікага ажыятажу не назіраецца. Ёсць і такія раённыя аддзелы ЗАГС, куды за справаздачны перыяд не паступіла ніводнай заявы на скасаванне шлюбу.
Таксама Таццяна Міхайлаўна падкрэсліла, што скасаванне шлюбу адбываецца па заканчэнні месяца з дня падачы сумеснай заявы. Скарачэнне названага тэрміну дзеючым заканадаўствам не прадугледжана, як часам памылкова думаюць грамадзяне, якія звярнуліся.
Дарэчы, больш поўны аналіз работы аддзелаў ЗАГС Віцебшчыны ў гэтым напрамку будзе праведзены супрацоўнікамі органаў юстыцыі пасля заканчэння пяці месяцаў з дня дзеяння закона, і можна будзе меркаваць аб эфектыўнасці новаўвядзення на практыцы.
Наталля РЫЖКОВА. «Віцебскі рабочы»