Як зменіцца Шаркаўшчына да абласных «Дажынак-2023»?

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў наступным годзе пройдзе ў Шаркаўшчыне. Па традыцыі напярэдадні свята ў яго сталіцы будзе праведзена маштабнае добраўпарадкаванне. У чым яно будзе заключацца, якія новаўвядзенні з'явяцца ў райцэнтры?

Штогод архітэктары для месцаў правядзення свята прапануюць канцэпцыю мадэрнізацыі на аснове аднаго з мясцовых турыстычных брэндаў. У Шаркаўшчыне такім з'яўляецца зялёнае яблык беларускага сарта «Памяць Сікоры», створанае садаводам-селекцыянерам Іванам Сікорам, які нарадзіўся і працаваў у гэтым раёне. Зялёнае яблык і стане вызначаць стылістычную тэматыку маючага адбыцца свята.

– Плануецца, што фасады жылых дамоў на ўскраінах Шаркаўшчыны і побач з цэнтрам горпасёлка будуць аздаблены белым, шэрым колерамі і разнастайнымі адценнямі зялёнага, – кажа галоўны архітэктар Віцебскага аблвыканкама Юрый Выжыкоўскі. – Таксама тэма зялёнага яблыка будзе прысутнічаць у новых малых архітэктурных формах, якія ўсталююць у зялёных зонах горпасёлка.

Што тычыцца цэнтральнай часткі райцэнтра, там, па словах суразмоўцы, мяняць знешні выгляд будынкаў не плануецца. Затое чакаюцца рэканструкцыя і будаўніцтва.

– Запланаваны капрамонт Дома культуры, дарэчы, ён знаходзіцца ў цэнтры Шаркаўшчыны, і яго аблічча значна ўплывае на ўспрыманне ўсяго мястэчка, – распавядае пра галоўныя аб'екты мадэрнізацыі Юрый Выжыкоўскі. – Акрамя таго, гэта культурны цэнтр. Тут праводзяцца афіцыйныя мерапрыемствы, канцэрты, знаходзіцца ЗАГС. А праз дарогу ад ДК праз двары стаяў даўно не эксплуатаваны будынак лазні. Ён будзе знесены. І на гэтым месцы да надыходзячага свята плануецца пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. ФАК будзе двухпавярховым, у ім размесцяцца басейн, трэнажорная зала, універсальны гульнявы спортзал. Каля будынка ёсць планы ўсталяваць хакейную скрынку. Дарэчы, гэты ФАК будзе нагадваць аналагічны аб'ект у Верхнядзвінску. Плюс непадалёк, на вуліцы Рабочай, плануецца пабудаваць 40-кватэрны жылы дом.

Таксама суразмоўца пералічыў некаторыя іншыя маючыя адбыцца метамарфозы.

Будуць добраўпарадкаваны алея насупраць Дома культуры і зялёны востраў на ўездзе ў Шаркаўшчыну з боку Глыбокага. Плануецца капрамонт 11 жылых дамоў, бягучы рамонт – 26. Па ўсім райцэнтры, дзе гэта неабходна, будуць адрамантаваны дарогі (у тым ліку транзітныя), тратуары, масты. Мадэрнізацыя закране і ўсе сацыяльныя аб'екты. Да прыкладу, запланаваны бягучы рамонт будынкаў ясляў-сада №1 і дзіцячай школы мастацтваў, устаноўка новага абсталявання на спортпляцоўцы перад СШ №1. Зразумела, будуць прыведзены ў парадак і гандлёвыя кропкі.

"Віцебскія весці"