Як на Віцебшчыне развіваюцца асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі?

Как на Витебщине развиваются особо охраняемые природные территории?
Як прыцягнуць большую колькасць людзей да зберажэння прыродных багаццяў? Гэта і іншыя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні абласнога каардынацыйнага экалагічнага савета з удзелам кансультантаў праекта «Залучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Прывітаўшы членаў савета і гасцей, намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Жанна Алейнікава адзначыла, што дзяржаўная палітыка накіравана на захаванне і ўстойлівае развіццё біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. За апошнія гады на ўдасканаленне АТП Віцебшчыны было выдзелена каля 700 тыс. руб. Сёння яны займаюць 9,7% тэрыторыі (рэспубліканскі паказчык – 8,8%), або каля 400 тыс. га. Перад экалагамі стаіць задача да 2023 года стварыць сістэму заказнікаў і помнікаў прыроды мясцовага значэння. Для даследаванняў прыцягваюцца навукоўцы і супрацоўнікі ВНУ, якія выяўляюць унікальныя мясціны.

Галоўны спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Гарланаў расказаў, што ў межах АТП растуць 80% рэдкіх і пад пагрозай знікнення раслін (44 віды), водзяцца амаль 90% ахоўных жывёл (43 віды). За апошнія тры гады праведзена інвентарызацыя 172 АТП на тэрыторыі 12 раёнаў. Абвешчаны новыя заказнікі мясцовага значэння: «Галубіцкая пушча» (Докшыцкі і Глыбоцкі раёны), «Патокі» і «Шапавальскі мох» (Полацкі раён), «Каранеўскае» (Бешанковіцкі раён), «Гінькава» (Пастаўскі раён), «Нешчарда» (Россонскі раён).

Для захавання біялагічнай разнастайнасці, выканання рэжыму аховы і выкарыстання, папулярызацыі экалагічнай асветы і турызму пры сямі заказніках рэспубліканскага значэння створаны дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы: «Ельня», «Галубы сад», «Козянскі», «Эка-росы», «Асвейскі», «Карыцінскі мох», «Рычы». Дзейнічае 50 зялёных маршрутаў (водныя, веласіпедныя, пешыя, змешаныя), як аднадзённых, так і шматдзённых. З 2016 года праведзена 202 экскурсіі для 4,7 тыс. чалавек.

Для прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і зацікаўленых структур прэзентаваны конкурс экалагічных ініцыятыў праекта ЕС/ПРААН і прайшоў навучальны семінар. Бюджэт праекта «Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» складае 3,5 млн еўра.

"Віцебскія весці".