Як на XI Міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску будзе прадстаўлены турыстычны патэнцыял вобласці
Як паведаміла загадчыца сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Святлана Астаніна, гасцям і ўдзельнікам форуму прапануюць буклеты і іншыя рэкламныя друкаваныя матэрыялы аб раёнах, арганізацыях, славутасцях Віцебшчыны. Будзе прадстаўлена разнастайная сувенірная прадукцыя, якая рэкламуе раёны і турпрадукты. Асобны стэнд будзе прысвечаны турыстычнаму комплексу «Чырвоны Бор». Прадстаўнікі ГПУ «Асвейскі» раскажуць аб праекце міжнародна-тэхнічнай дапамогі па развіцці экалагічнага турызму сумесна з Нацыянальным паркам «Себежскі» Пскоўскай вобласці.
Можна будзе азнаёміцца з інвестыцыйнымі прапановамі па ўсёй вобласці ў сферы турызму.
– У нас больш за 100 інвестпрапаноў: па будаўніцтве турбаз, гасцініц, глэмпінгаў і іншыя, – падкрэсліла Святлана Астаніна.
Таксама пройдзе прэзентацыя турыстычных праграм і праектаў.
У прыватнасці, будзе праводзіцца прэзентацыя пілотнага праекта «Васільковы край». Ён, перш за ўсё, зручны і цікавы для індывідуальных турыстаў. У яго рамках у 12 раёнах вобласці на асноўных славутасцях размешчаны QR-коды з выявай васілька.
– Арганізаваным турыстычным групам інфармацыю расказвае экскурсавод, – кажа Святлана Астаніна. – Адзіночныя турысты дзякуючы праекту «Васільковы край» могуць даведацца звесткі аб канкрэтным аб'екце, навеўшы камеру смартфона на васілёк з QR-кодам. Прычым гэта без выкарыстання інтэрнэту. Дастаткова толькі папярэдне спампаваць праграму зчытвання QR-кодаў. У рамках гэтага пілотнага праекта таксама размяшчаюцца інфармацыйныя шчыты на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту. Зчытаўшы інфармацыю па QR-кодзе, можна даведацца аб славутасцях, размешчаных у радыусе 500 метраў. Прычым гэтая сістэма ўкаранёна не толькі ў буйных гарадах вобласці, але і ў невялікіх раёнах, у прыватнасці ў Расонскім, Ушацкім і некаторых іншых.
Яшчэ адзін цікавы праект, які будзе прэзентаваны на форуме, – гэта падпраграма «Развіццё турызму на тэрыторыі Паазер’я Віцебскай вобласці (частка Дзяржпраграмы «Беларусь гасцінная»). У яе ўключаны 7 раёнаў: Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Мёрскі, Расонскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі. Падпраграма прадугледжвае звыш 100 мерапрыемстваў на 2023–2025 гады.