Як арганізавана гандаль на вёсцы Белкаапсаюзам у Віцебскай вобласці
Людзі, якія працуюць на зямлі, не павінны ні ў чым мець патрэбу. Такім з'яўляецца прынцыповая пазіцыя Прэзідэнта, якую ён агучыў у лютым на сходзе Белкаапсаюза. Адным з напрамкаў комплекснага развіцця сельскіх населеных пунктаў з'яўляецца гандаль.
Карэспандэнт «ВВ» на прыкладзе Чашніцкага сектара Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства вывучала пытанне аб забяспечанасці таварамі жыхароў сяла.
Сетка гэтага сектара прадстаўлена 20 крамамі харчовых тавараў і адной – у аграгарадку Красналукі – прамысловых. Акрамя таго, шэсць перасоўных аўтакрам дастаўляюць тавары ў маланаселеныя вёскі. Часы, калі вяскоўцы масава трымалі жывёлу і па большай частцы забяспечвалі сябе жывёлагадоўчай і раслінаводчай прадукцыяй, прайшлі. Цяпер яны, як і гараджане, набываюць прадукты да свайго стала ў крамах і сталі больш патрабавальнымі да асартыменту ў бліжэйшых гандлёвых кропках. Здавалася б, парадаксальна бачыць у продажы ў сельскай краме цыбулю, моркву, капусту, пакаванае малако, яйкі, сала – а попыт на іх ёсць.
Выбар прадуктаў у краме аграгарадка Іванск прыемна ўразіў: у халадзільных вітрынах – малочная і кісламалочная прадукцыя, замарожаная рыба, мясныя паўфабрыкаты, каўбасы, кансервы – усяго па некалькі гатункаў. Шырока прадстаўлены бакалея, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, маюцца соль, цукар, раслінны алей. Ёсць куток прамысловых тавараў. І цэны такія ж, як у раённым або абласным цэнтры.
– Вядома, мы імкнёмся задаволіць попыт нашых пакупнікоў, – сцвярджаюць прадаўцы Святлана Вечэрская і Алена Шыцькова. – Вяскоўцам няма калі і нязручна пастаянна ездзіць па пакупкі ў горад, а пажылым – яшчэ і цяжка. У нас ёсць усё неабходнае, нават «прысмакі». А самыя хадавыя тавары – хлеб, малако, яйкі, каўбасы, паўфабрыкаты.
Акрамя таго, што стацыянарныя крамы сістэмы спажывецкай кааперацыі ажыццяўляюць гандаль, яны выступаюць у якасці прыёмных пунктаў другаснай сыравіны: скупляюць металалом, макулатуру, шклатару. У сезон – лішкі сельгаспрадукцыі, грыбы і ягады.
– Мы заўсёды побач з кліентамі, – адзначае вядучы таваразнаўца Чашніцкага сектара Лепельскага філіяла аблспажыўсаюза Таццяна Шыпуля, – няхай гэта будзе выязны гандаль падчас святаў ці гандлёвае абслугоўванне вёскі, дзе засталося некалькі жыхароў.
Больш за 150 вёсак у Чашніцкім раёне, дзе пражывае каля 3 тысяч чалавек, абслугоўваюць спецыялізаваныя аўтакрамы, абсталяваныя ларамі для захоўвання замарожанай прадукцыі. Паводле графіка – два разы на тыдзень – яны адпраўляюцца па сваіх маршрутах. Да самай аддаленай ад райцэнтра вёскі 65 км, але працягласць кожнага маршруту значна большая.
Паміж экіпажамі ў складзе кіроўцы і прадаўца і іх падапечнымі складваюцца добразычлівыя адносіны. Пажылым жанчынам нават пакупкі ў дом заносяць і прывозяць патрэбныя лекі з райцэнтра.
– Вельмі добрыя прадаўцы ў нас, ветлівыя, уважлівыя, – адгукнулася апошняя жыхарка вёскі Баравыя Кацярына Нікіцічна. – Што папросіш – у сшытак запішуць і наступны раз прывязуць. Вось я халадзільнік папрасіла – прывезлі. Мяне наведваюць медыкі, участковы бывае, але аўталаўка – часцей за ўсіх.
Запыты і перавагі сваіх пастаянных кліентаў прадаўцы ведаюць на памяць.
Слажней запрагназаваць колькасць і разнастайнасць патрэбных тавараў, калі на летні адпачынак у вёскі прыязджаюць дачнікі. Тады, не адмаўляюць работнікі гандлю, здаралася, што ў апошніх на маршруце вёсках асартымент быў сціплы. Бралі на заметку і задавальнялі попыт у наступны раз.
Цяпер перабоі ёсць хіба што з наяўнасцю цыгарэт у сельскіх крамах. Лепельскі філіял аблспажыўсаюза шукае шляхі вырашэння гэтай праблемы.
На вёсцы захавалася традыцыя разглядаць краму як своеасаблівы інфармацыйны цэнтр, куды людзі пры-
носяць навіны мясцовага значэння з усёй акругі. Часам тут ідуць дэбаты і з нагоды больш глабальных вестак. Ёсць прыклады, калі прадаўцоў выбіралі ў дэпутаты мясцовага ўзроўню, а гэта сведчыць пра давер.
– Большасць нашых дзяўчат адданыя свайму прадпрыемству, – кажа Таццяна Шыпуля. – Напрыклад, Ала Карповіч з Новай Зары ўсё жыццё адпрацавала ў потребкааперацыі, працуе і на пенсіі. Людзі яе паважаюць. Выдатныя дзелавыя і чалавечыя якасці ў прадаўцоў з Красналукі Галіны Капітановіч і Людмілы Алехнавіч. Гандаль на вёсцы – справа клапатлівая і не вельмі прыбытковая. Тым не менш крамы Белкаапсаюза пастаянна далучаюцца да Пагаднення аб прадастаўленні сацыяльнай зніжкі. Дзякуючы гэтаму пенсіянеры, шматдзетныя бацькі і малазабяспечаныя грамадзяне могуць купляць прадукты харчавання 30 найменняў – хлеб, муку, малако, кефір і інш. – са зніжкай 10 %.