Як пераўтвараецца Віцебск да «Славянскага базару – 2020»
Да знакавых аб'ектаў, адкрыццё якіх прымеркавана да пачатку «Славянскага базару ў Віцебску», адносіцца пуцеправод «Полацкі». Тэрыторыю каля развілак, стаянак і пераходаў упрыгожылі 132 дрэвы, у тым ліку 77 – хвойных парод, 1250 кустоў і ядлоўцаў, 14 тыс. кветкавых раслін і 18 рознаўзроўневых ваз з кветкамі для вертыкальнага азелянення. Па пуцеправодзе будзе камфортна перамяшчацца, гэта збудаванне парадуе прыгажосцю добраўпарадкавання, на што выдаткавалі шмат сіл і натхнення работнікі «Зелянхоза».
Вясной і летам азеляніцелі высадзілі на гарадскіх клумбах каля мільёна квітнеючых раслін і каля 10 тыс. дрэў і кустоў.
Пераўтварылася і плошча Перамогі, на якой устаноўлена Дошка гонару, уздоўж праезнай часткі – вазы з сурфініямі, петуніямі, калібрахоа і іншымі маляўнічымі раслінамі.
Як творы мастацтва глядзяцца круглыя квітнікі-торты, якія ўражваюць багаццем фарбаў, каля амфітэатра на плошчы Свабоды. У выглядзе стоек-карэтаў з'явіліся кветкавыя кампазіцыі на вуліцы Замкавай. Каля ўнівермага на ўтульных лаўках са спінкамі ў выглядзе сэрцаў любяць пабыць жыхары Віцебска і госці горада.
Некаторыя аб'екты добраўпарадкавання сталі знакавымі для фестывальнай сталіцы і прыцягваюць да сябе асаблівую ўвагу. Да зялёных тапіарыяў – глобуса і піяніна – падчас «Славянскага базару» варта чарга, каб зрабіць селфі. Дзякуючы гэтым і іншым арт-аб'ектам Віцебск становіцца яшчэ больш пазнавальным і любімым.
Вось і маладая сям'я Кастэнко з Віцебска ў поўным складзе любіць фатаграфавацца на плошчы Свабоды. Малодшай Кацюшы ўсяго 7 месяцаў, а яе сястрычцы Насцюшы восем гадоў. Тата Алег і мама Ганна прывіваюць сваім дзяўчатам прыгажосць і любоў да мастацтва з дзяцінства.
– Здзівіць і стварыць настрой – мэта, якую пераследуюць азеляняльнікі. Ва ўсім горадзе павінна быць па-святочнаму, – падкрэсліла намеснік дырэктара «Зелянхоза» Валянціна Шэндзюкова.
Шмат зроблена па абнаўленні фасадаў на вул. Кірава, праведзены комплекс работ на дамах на вул. Лакаматыўнай, Леанова, Цітова і іншых аб'ектах, адзначыла начальнік РСУ ЖРЭТа г. Віцебска Алена Красакова. Абуладкаваны казыркі ўваходных груп, абшыты металапрофілем балконы, зроблены адмосткі. На многіх дамах паблізу пуцеправода «Полацкі» з'явіўся на фасадзе беларускі арнамент. На вул. П. Баўкі ў межах капітальнага рамонту адрамантаваны стыкі сценных панэляў будынкаў, заменены вокны і дзверы ў месцах агульнага карыстання, узмоцнены панэлі тэхнічнага паверха, пафарбаваны фасад. Агулам асвоена каля 400 тыс. руб. Выкананыя работы па капітальным і бягучым рамонце павысяць камфортнасць пражывання віцябчан.
"Віцебскія весці". Відэа - ТРК "Віцебск".