Як пройдзе XI Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы», расказалі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці
Як адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, форум – унікальная пляцоўка для прэзентацыі патэнцыялу прадпрыемстваў і раёнаў рэгіёну, наладжвання эфектыўнай камунікацыі па пошуку рашэнняў у імпартазамяшчэнні, пашырэння міжнароднай эканамічнай інтэграцыі, якая спрыяе арганізацыі новых вытворчасцей і развіцця высокіх прамысловых тэхналогій у сучасных міжнародных рэаліях. Сімвалічна, што ён праходзіць на пляцоўцы Летняга амфітэатра. І як «Славянскі базар» з’яўляецца культурным брэндам, форум без перабольшвання можна назваць эканамічным брэндам Віцебшчыны.
Сустрэча даўніх партнёраў і патэнцыйных інвестараў у нашым абласным цэнтры пройдзе ўжо адзінаццаты раз. Захоўваючы пэўную традыцыйнасць, сёлетні форум будзе мець і шэраг адрозненняў.
– Перш за ўсё, мы правядзём яго больш маштабна. На гэты раз стаўка зроблена на імпартазамяшчэнне, кааперацыю нашых прадпрыемстваў з рэзідэнтамі Расійскай Федэрацыі, краінамі Азіі. Сёння гэта актуальна. Адна з новацый: прэзентацыя інавацыйнага патэнцыялу навучальных устаноў рэгіёну ў спалучэнні з прадпрыемствамі, якія актыўна ўзаемадзейнічаюць з сістэмай адукацыі або могуць стаць патэнцыйнымі пляцоўкамі для ўкаранення створаных там распрацовак. У прыватнасці, Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт будзе прадстаўлены з вытворчасцямі лёгкай прамысловасці, Полацкі – з будаўнічай галіной, нафтахіміяй і гэтак далей, – расказала Анжаліка Нікіціна.
Будуць зменены таксама сам фармат мерапрыемства. Спачатку пройдуць секцыі па розных напрамках: прамысловасць, будаўніцтва, харчовая галіна, сельская гаспадарка, транспарт і лагістыка, IT – сфера, адукацыя, турызм і іншае. Затым запланавана цырымонія адкрыцця на пляцоўцы Летняга амфітэатра, прэзентацыя выставы. Сёлета экспазіцыя будзе дзейнічаць на працягу двух дзён – 18 і 19 мая. Завершыць мерапрыемства падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых прадпрыемстваў, іх кіраўнікоў, а таксама навучальных устаноў, моладзевых лідараў.
У адзінаццатым міжнародным эканамічным форуме дакладна возьмуць удзел два рэгіёны КНР, магчыма, будзе і трэці. Ужо пацвердзілі свой прыезд шэсць расійскіх абласцей, а таксама Індыя, Іран. Вядуцца перамовы з Пакістанам.
Тэма цяперашняга форуму – «Крэатыўная эканоміка – стаўка на будучыню».
– Калі раней шэраг нашых прадпрыемстваў маглі разлічваць на закупку сыравіны, матэрыялаў у Еўропе, то сёння павінны альбо вырабляць іх самастойна, альбо кааперавацца з нашымі сябрамі ў Расіі, Кітаі, краінах Азіі. Таму на першы план выходзіць імпартазамяшчэнне па тых пазіцыях, у якіх мае патрэбу эканоміка. Мы прыцягваем да гэтага не толькі патэнцыял прадпрыемстваў, але і вышэйшых навучальных устаноў, навукоўцаў, у якіх ёсць цікавыя распрацоўкі, запатрабаваныя ў прамысловым, аграрным, медыцынскім сектарах. Гэта значыць, стараемся больш мабільна выкарыстоўваць тое, што маем. Сёння чалавечы патэнцыял – адзін з асноватворных фактараў для далейшага развіцця эканомікі. Навуковыя кампетэнцыі мы бачылі на рэспубліканскім форуме «Беларусь інтэлектуальная», дзе была годна прадстаўлена Віцебшчына, – падкрэсліла Анжаліка Нікіціна.
Анжаліка Аляксандраўна асабліва вылучыла IT-тэхналогіі, навуковы патэнцыял у стварэнні лічбавай эканомікі. За гэтым будучыня. У рамках форуму асобна плануецца праца IT-секцыі.
Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Вераніка Забалуева расказала пра інавацыйны патэнцыял Віцебшчыны ў нафтаперапрацоўцы, машына- і станкабудаванні, лёгкай прамысловасці, аграрным сектары, фармацэўтыцы. На тэрыторыі вобласці самая вялікая ў Беларусі колькасць фармацэўтычных прадпрыемстваў.
– За апошнія гады значна вырас экспарт нашай прадукцыі, перш за ўсё ў Расійскую Федэрацыю. Мы нарасцілі продажы ў краіны далёкай дугі: Азію, Кітай. Наш эканамічны форум можна ахарактарызаваць трыма словамі: супрацоўніцтва, інавацыі і інвестыцыі. На Віцебшчыне вялікая колькасць прадпрыемстваў з расійска-беларускім капіталам. Хочацца, каб нашы прадпрыемствы ў рамках форуму знайшлі новых дзелавых партнёраў, рэалізоўвалі сумесныя праекты, як інвестыцыйнай, так і інавацыйнай накіраванасці, – выказала надзею Вераніка Забалуева.
Першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны расказаў пра гісторыю эканамічнага форуму ў Віцебску, яго адрозненні ад аналагічных мерапрыемстваў у Беларусі.
– Кожны раз мы стараліся паказаць нешта новае. Калі не новы прадукт, то тэндэнцыі, кампетэнцыі, распрацоўкі. Сёння адно з ключавых пытанняў – занятасць. Таму на форуме ставіцца задача звесці навуковы, вытворчы патэнцыял, моладзь і працадаўцаў на адной пляцоўцы і паказаць кропкі сутыкнення, – выказаў сваё бачанне Канстанцін Чорны.
Унікальным лічыць дадзены праект дырэктар абласнога цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка, якая спынілася на праграме форуму.
– Гэта будзе трэці форум, які мы праводзім як інтэрактыўную пляцоўку, на якой зведзены шэраг лічбавых тэхналогій. Гэта і віртуальная выстава, якая дзейнічае кругласутачна, і анлайн-прэзентацыя праектаў, што пашырае геаграфію і маштаб мерапрыемства, і ютуб-канал. Віцебшчына – адзіны абласны рэгіён, які развіў і паспяхова выкарыстоўвае такі інструмент, як Біржа субкантрактацыі, – падкрэсліла Ірына Макаранка.
Удзельнікі форуму ў фармаце офлайн/анлайн змогуць прэзентаваць свае праекты, абмеркаваць праблемныя пытанні, абмяняцца думкамі ў рамках міжнародных канферэнцый навукова-тэхнічных дасягненняў па пытаннях інавацыйнага імпартазамяшчэння, кластараў і тэхнапаркаў, асаблівых эканамічных зон, інтэграцыйнага ўзаемадзеяння адукацыі і бізнесу. У праграму ўключаны b2b перамовы, біржы субкантрактацыі і многае іншае.