Як праходзіць датэрміновае галасаванне ў Віцебску?
Жыхарка Першамайскага раёна – 79-гадовая Ніна Сямёнаўна – расказала, што прыйшла прагаласаваць датэрмінова, бо ў нядзелю людзей будзе значна больш.
– Мае бацькі заўсёды прыходзілі галасаваць вельмі рана. Уставалі а 6 раніцы, каб не праспаць. Удзельнічаць у выбарах важна, прэстыжна, – падзялілася ўспамінамі Ніна Сямёнаўна.
Сярод тых, хто вырашыў прагаласаваць датэрмінова, – намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. Яна прызналася, што хацела прыйсці на ўчастак яшчэ ў першы дзень датэрміновага галасавання, аднак не дазволіла праца. Таму прыйшла ў свой любімы дзень тыдня – чацвер – і з усмешкай адзначыла, што выбары для яе – гэта заўсёды свята!
– Я прыйшла аддаць свой голас, таму што гэта абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Мы выбіраем будучыню нашых дзяцей, краіны, у якой мы жывём, працуем, вучымся і выхоўваем дзяцей. Ад нашага выбару залежаць суверэнітэт, незалежнасць, развіццё рэальнага сектара эканомікі, сацыяльнай сферы нашай краіны, – адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама.
Ганна Аляксандраўна прыйшла прагаласаваць з сяброўкай. Яны сумясцілі прыемнае з карысным: і прагуляліся, і важную справу зрабілі.
– Ведаеце, здароўе ўжо не такое, як у маладосці, а 26-га чысла народу будзе шмат, таму вырашылі прыйсці раней, – расказала Ганна Аляксандраўна. – Трэба абавязкова ўдзельнічаць у выбарах, каб было ўсё добра, каб дзеці і ўнукі жылі спакойна. Прагаласавалі за таго кандыдата, які гэта ўсё забяспечыць, з кім будзе прасцей і лягчэй жыць.
Пра тое, што ўдзел у выбарах – гэта сямейная традыцыя, якую прышчапілі ёй з дзяцінства бацькі, распавяла і Ларыса.
– Бацькі, я і мае дзеці, мы заўсёды прымаем удзел у выбарах. Чаму? Ды таму што выбіраем, якой будзе наша Беларусь у будучыні, – падкрэсліла яна.
Карацей і па сутнасці сённяшні ўдзел у датэрміновым галасаванні патлумачыла яшчэ адна жыхарка Першамайскага раёна – Юлія.
– Я тут, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак і прагаласаваць за будучыню краіны, – сказала яна.
Даведка «ВВ». Датэрміновае галасаванне праходзіць з 21 па 25 студзеня 2025 года. У гэты перыяд маюць права прагаласаваць выбаршчыкі, якія не змогуць прыйсці на ўчасткі 26 студзеня. Падчас датэрміновага галасавання ўчастковыя камісіі працуюць з 12.00 да 19.00 без перапынку. 26 студзеня, у асноўны дзень выбараў, галасаванне будзе праходзіць з 8.00 да 20.00.