Як працуе прыёмнае аддзяленне аршанскай бальніцы, і чаму небяспечна распаўсюджванне не толькі вірусаў, але і чутак

Каранавірус правярае ўсіх нас на трываласць. А яшчэ нявольна стаў лакмусавай паперкай, якая паказала, хто і чаго варты. Свет у прамым сэнсе слова апладзіруе медыцынскім работнікам, якія застаюцца на пасту. Напрыклад, жыхары Іспаніі выйшлі на балконы шматпавярховікаў, каб падзякаваць медыкам авацыямі… Ёсць за што сказаць дзякуй і медработникам Оршы. Наш карэспандэнт пабывала ў гарадской бальніцы № 1 імя Семашкі, каб пераканацца: усё пад кантролем.


Аляксей Кароткі, галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, у чыю структуру ўваходзіць і бальніца, расказаў, што ўсе службы дзейнічаюць у стандартным рэжыме, толькі з улікам дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных захворванняў.

— Разам з тым на час адкладзены планавае лячэнне і шпіталізацыя, хворых з павышанай тэмпературай абслугоўваем на даму, выпісваючы ім лісткі непрацаздольнасці. Лекі пры пэўных хранічных захворваннях, напрыклад дыябеце, можна замовіць па тэлефоне. Рэцэпт пакінуць у аптэцы — зручна і дапамагае пазбегнуць шматлюдства ў паліклініцы. Калі раней за дзень яна прымала каля сотні пацыентаў, то цяпер 20—30. Той выпадак, калі менш азначае лепш і спакайней з улікам не самай простай эпідэміялагічнай сітуацыі. 

Галоўны ўрач прапануе разам зазірнуць на «перадавую» — у прыёмнае аддзяленне. Унутр можна трапіць толькі з цэнтральнага ўваходу, і абавязковай тэрмометрыі не пазбегнуць. Спецыяльны бескантактны тэрмометр падносяць да ілба, некалькі секунд — і вынік гатовы. Калі павышанай тэмпературы няма, можна рухацца далей, тлумачыць загадчык бальніцы Уладзіслаў Акуловіч:

— Цяпер сталі мераць тэмпературу не толькі пацыентам, а кожнаму, хто хоча трапіць унутр. Самі медыкі праходзяць тэрмометрыю разы тры за дзень. Так і напішыце, што раніца нашых урачоў, медсясцёр пачынаецца з градусніка. Спачатку мераем тэмпературу дома, да выхаду на працоўнае месца, калі ёсць адхіленні ад нормы, самаізаляцыя — лепшы варыянт. Нашы медыкі абаронены, у тым ліку спецыяльнымі проціэпідэмічнымі касцюмамі. 

Медыкі хуткай дапамогі (злева направа) намеснік загадчыка Святлана Рэбка і фельчар Алена Сугак заўсёды на перадавой

У такіх работнікі хуткай дапамогі выязджаюць, калі ёсць хоць найменшае падазрэнне, што пацыент заражаны. Спецыфічнага абмундзіравання не варта баяцца, гэта норма.

Адразу ўслед за намі праз ВК-тэрмометр праходзіць 16-гадовы аршанец Аляксандр Міцін. Хлопец чакае чаргі да дзіцячага хірурга: не так даўно яму рабілі аперацыю, а цяпер трэба праверыць шво. Тое, што мераюць тэмпературу, вельмі важна, дзеліцца меркаваннем мама юнака Святлана Барысаўна:

— Пры ўсіх гэтых размовах пра каранавірус мера вызначана апраўданая. Наогул, у бальніцу імя Семашкі ідзеш са спакойнай душой — усё стэрыльна, абсталяванне па апошнім слове тэхнікі, стаўленне ўрачоў высокапрафесійнае. Нашым медыкам давяраю абсалютна. Упэўнена, не падвядуць.

Медсёстры Таццяна Жыдзяцкая і Надзея Косінец з сучаснай медкартай у воблаку на «ты».

Даўночаканы пераезд у новы корпус бальніцы № 1 завяршыўся ў 2018 годзе. Імпульс даўгабуду надало даручэнне Прэзідэнта. У выніку вынік перасягнуў чаканні: высокатэхналагічнаму абсталяванню і магчымасцям аршанскай бальніцы могуць пазайздросціць многія абласныя клінікі. Дзесяціпавярховы будынак умясціў усё самае сучаснае і неабходнае, каб людзі былі здаровыя. А яшчэ менавіта ў Оршы два гады таму ўвасобілі ў жыццё ўнікальны праект: з дапамогай віртуальнай воблака звязалі бальніцу № 1 у адзіную інфармацыйную сетку з гарадскімі паліклінікамі і станцыяй хуткай дапамогі. Такі прасунуты прыклад лічбавай медыцыны сябе цалкам апраўдаў. Фельчары выязджаюць на выклікі з камп'ютарнымі планшэтамі, на якія па мабільным інтэрнэце прыходзяць электронныя медкaрты пацыентаў, канкрэтызуе загадчыца прыёмнага аддзялення Дар'я Зайцава:

— Зручна і хутка, увесь анамнез чалавека як на далоні: бачыш, чым хварэў, якія аналізы здаваў, на якія лекі ў яго алергія. Цяпер у спісе яшчэ і інфармацыя, ці выязджаў пацыент нядаўна за мяжу, куды менавіта, ці кантактаваў з людзьмі, якія патэнцыйна могуць быць носьбітамі COVID-19. 

За час працы Дар'я Зайцава бачыла рознае. Сённяшнюю, без прымяншэння, істэрыю вакол COVID-19 не падтрымлівае. Кажа, бяда ў тым, што дыягназы і медыцынскія заключэнні людзі ставяць часам сабе самастойна — па інтэрнэце. Пераканаць іх у тым, што паніка ў першую чаргу нараджае праблемы, а не эфектыўнае рашэнне, цяжка. Але неабходна. Гэта прапісныя ісціны: трэба слухаць медыкаў, выконваць гігіену, і ўсё будзе ў парадку. Такога ж меркавання прытрымліваецца Уладзіслаў Балашоў, урач-анестэзіёлаг:

— Наша аддзяленне рэанімацыі пры любым раскладзе працуе як гадзіннік. Каранцінныя меры закранулі нас у меншай ступені — усё таму, што рэанімацыя і без таго месца, дзе стэрыльнасць, ахоўныя маскі і г. д. у парадку рэчаў.

Загадчыца прыёмнага аддзялення Дар'я Зайцава упэўненая: галоўнае, не паддавацца паніцы

Цікавімся, ці змянілася штосьці ў звычайным жыцці доктара. Уладзіслаў Рыгоравіч прызнаецца: хіба што стаў пазбягаць вялікіх натоўпаў людзей, а грамадскаму транспарту аддае перавагу прагулцы пешшу. Самаадчуванню і добраму настрою гэта толькі на карысць. 

Адразу двое медыкаў у сям'і загадчыка аддзялення гнойнай хірургіі Паўла Капітонава. Яго жонка Алена — акушэр-гінеколаг у мясцовым радзільным доме. У галіне 10 гадоў, падлічвае Павел Віктаравіч:

— І ўвядзенне такіх дадатковых мер засцярогі не ўпершыню за маю практыку. Успомнім успышку свінога грыпу ў 2009 годзе. Спакой, зладжаная праца ўсіх службаў, прафілактыка тады дапамаглі выйсці з сітуацыі з найменшымі стратамі. Сённяшні COVID-19 таксама перажывем і будзем здаровыя!

Хутчэй за любы вірус распаўсюджваюцца чуткі. Інтэрнэт-качкі перыядычна пралятаюць і над Оршай. Да прыкладу, на момант нашага прыезду прыйшла «важная навіна», што лядовую арэну нібыта пераабсталююць пад вялікі лазарэт, каб змясціць усіх хворых на каранавірусную інфекцыю. Зразумела, пра праўдзівасць такіх выказванняў гаворкі не ідзе. Галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Аляксей Кароткі супакойвае:

— На сённяшні дзень у нашай краіне праведзена больш за 30 тысяч тэстаў на наяўнасць COVID-19. У Воршы іх рабілі каля 200 разоў. І станоўчыя вынікі можна пералічыць па пальцах адной рукі. Першы званок з просьбай узяць аналіз паступіў да нас 30 студзеня ў 5 гадзін раніцы — ад чалавека, які вярнуўся з Уханя. Што тычыцца колькасці пацыентаў з пнеўманіяй, то лічбы з пачатку гэтага года нават меншыя, чым за першы квартал 2019-га: 430 выпадкаў супраць 455. 

Пункты прыёму мазкоў у Воршы разгарнуліся ў інфекцыйным аддзяленні бальніцы імя Семашкі, а таксама пры гарадскіх паліклініках. Вынік будзе вядомы ўжо праз дзень. Для жадаючых атрымаць кансультацыю працуюць адразу дзве гарачыя лініі. Тэлефоны ёсць на сайце паліклінікі, канкрэтызуе Аляксей Васільевіч:

— Здаць аналіз можна не па жаданні, а па паказанні. То бок тэсты неабходныя тым людзям, якія нядаўна вярнуліся з краін, што трапілі ў спіс неблагополучных з-за ўспышкі COVID-19, або тым, хто цесна кантактаваўз імі. У спісе найбольш часта правяраемых — турысты, дальнабойшчыкі, замежныя студэнты і іх блізкае атачэнне.

Вырашаецца пытанне з выпіскай

Каб прадухіліць завоз і распаўсюджванне выпадкаў інфекцыі, выкліканай каранавірусам, пацыентаў з падазрэннем на COVID-19 шпіталізуюць у гарадскую бальніцу № 3 у Барані. Менавіта там перапрафілявалі аддзяленні для шпіталізацыі пацыентаў з верагодным выпадкам захворвання на каранавірус і кантактам 1-га ўзроўню па COVID-19. У бальніцы ў кругласутачным рэжыме арганізаваны забор матэрыялу для лабараторнага даследавання на COVID-19. У выпадку пацвярджэння дыягназу пацыентаў шпіталізуюць у баксаваныя палаты інфекцыйнага аддзялення Аршанскай гарадской бальніцы № 3. На 2 красавіка пад назіраннем медыкаў у інфекцыйным аддзяленні знаходзіліся 5 чалавек з пацверджаным COVID-19. Стан пацыентаў здавальняючы. У бліжэйшы час іх чакаюць паўторныя лабараторныя даследаванні, пасля чаго вырашыцца пытанне з выпіскай.  

"Народная газета".