Як зрабіць жывёлагадоўлю на Віцебшчыне стабільна паспяховай? Абмеркавалі на абласным семінары

Час зялёнай агняды – гэта магчымасць спрацаваць на перспектыву. І зараз для вяскоўцаў Віцебшчыны надзвычай важна не ўпусціць гэты шанец, мабілізаваць усе сілы. 

Відавочна: будуць якасныя кармы – будзе і малако, а з ім і прыбытак. Але, нягледзячы на тое, што Віцебская вобласць у маі выйшла на станоўчую дынаміку вытворчасці малака, эканоміка многіх гаспадарак рэгіёна нясе страты. Пра гэта ішла размова на абласным семінары-вучобе па нарыхтоўцы кармоў, які праходзіў у Аршанскім раёне. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінсельгасхарча, кіраўнікі аблвыканкама, першыя намеснікі старшынь райвыканкамаў, намеснікі дырэктараў па сельскай гаспадарцы інтэграцыйных структур, навукоўцы.  
Не дапускаць падзення колькасці малака, аднаўляць пагалоўе – найважнейшыя задачы, выканання якіх запатрабаваў ад кіраўніцтва раёнаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў.

– Трэба неадкладна ўключацца ў працу, каб быць з кармамі, – падкрэсліў кіраўнік камітэта. – Толькі выконваючы тэхналогію работы са статкам, кармамі, пашамі, можна дамагчыся стабільных вынікаў у жывёлагадоўлі, а значыць, развіць эканоміку рэгіёнаў.

Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра звярнуў увагу прысутных на новы тэхналагічны рэгламент па нарыхтоўцы кармоў. Таксама ён зрабіў акцэнт на пытаннях падсеву і залужэння доўгатэрміновых шматкампанентных пашаў.

– Недапушчальна, што парадку 30% жывёлы сёння пасвіцца на слаба падрыхтаваных пашах, – канстатаваў Уладзімір Аляксандравіч. – Пра якую якасць і колькасць малака тады можна гаварыць? Трэба зрабіць усё магчымае, каб не было падзення аб'ёмаў малака. У першую чаргу, забяспечыць жывёлу ў дастатковай колькасці вадой, соллю, своечасова перагнаць на пашу з пераважным бабовым кампанентам.

– Узяць пад найбольш жорсткі кантроль выбракоўку жывёл, – запатрабаваў першы намеснік старшыні камітэта. – Раёны правальваюць і апладненне. Прыплод нават да ўзроўню мінулага года мінус 100 галоў. Чаму ўпускаем гэты момант? Мінус па каровах, мінус па цялятах, мінус па малацэ. Які зачын мы рыхтуем на наступны год?
Начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Мінсельгасхарчу Наталля Соніч падкрэсліла, што ўзровень вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі вызначае фінансавы стан сельгаспрадпрыемстваў.

– У красавіку Віцебшчына недабірала, у маі ўжо выйшлі на станоўчую дынаміку, – адзначыла яна.
Наталля Соніч звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на дакладнае выкананне інструкцыі па нарыхтоўцы кармоў.

Аб важнасці паўнавартаснага кармлення КАРС расказаў дацэнт кафедры кармлення сельскагаспадарчых жывёл ВГАВМ Мікалай Разумоўскі.
– 50% поспеху ў атрыманні малака – якасныя кормы, – канстатаваў ён. – Што мы маем сёння? Протэіну ў кармах 10 — 12%, а каровіне трэба 15 — 17%. З такім узроўнем бялкоў не атрымаем малака. Для нармальнага прайгравання і якасці малака трэба мець першакласныя кормы, а не трэцякласныя. А потым дадаём недастаючыя элементы канцэнтратамі, тым самым павялічваючы сабекошт малака ў тры разы. Вось і ўся эканоміка.

Мікалай Разумоўскі спыніўся на тым, як правільна захоўваць кормы, адзначыўшы важнасць апрацоўкі соллю ад паражэння верхняга пласта сенажнай масы.
На семінары-вучобе таксама закранулі пытанне будаўніцтва сенажных траншэй, дзе тон цяпер задае Дубровенскі раён.

Арганізацыю нарыхтоўкі кармоў удзельнікі семінара глядзелі на прыкладзе ААТ «Маяк-Высокае» Аршанскага раёна. Тут жа, падчас практычнай часткі мерапрыемства, навукоўцы расказалі прысутным аб шляхах павышэння прадукцыйнасці кармавога поля ў Віцебскай вобласці ў залежнасці ад фазы паспявання траў і ўмоў нарыхтоўкі кармоў.

Непасрэдна ў полі ўдзельнікі семінара знаёміліся з адаптыўнай тэхналогіяй вырошчвання прамежкавых культур восеньскага перыяду фарміравання і нарыхтоўкі іх у стрэйч-плёнку.
Пры дэманстрацыі перадавой кормаўборачнай тэхнікі былі агучаны патрабаванні да нарыхтоўваемай «зялёнкі». А якасць закладкі сенажнай масы ў траншэю (кантроль тэмпературы, вільготнасці, трамбоўкі, укрыццё) разабралі на тэрыторыі МТФ у Малым Бабіна (ААТ «Маяк-Высокае»).

Падводзячы вынікі семінара-вучобы, Іван Фёдараў чарговы раз падкрэсліў, што неабходны дакладны прадуманы аналіз кожнага звяна тэхналагічнага ланцужка.
     
Тэкст і фота Вольгі ЛЕБЕДЗЕВАЙ, "Віцебскія весці".