Як Шуміліна прэабразіцца да «Дажынак-2021»?

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў наступным годзе пройдзе ў Шуміліне. Па традыцыі напярэдадні свята ў яго сталіцы будзе праведзена маштабнае добраўпарадкаванне. Якія менавіта метамарфозы чакаюцца ў Шуміліне?

Як паведаміў галоўны архітэктар Віцебскага аблвыканкама Юрый Выжыкоўскі, запланавана пераўтварыць як мінімум 49 аб'ектаў. Мабыць, галоўны з іх – цэнтральная плошча (насупраць райвыканкама) і прылеглы да яе парк з дзіцячай пляцоўкай і мемарыяльнай зонай каля вуліцы Кароткіна.

– Цяпер мемарыяльная зона падзелена на 2 часткі. У адной – помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, у другой – алея з партрэтамі ганаровых грамадзян горада, – распавядае Юрый Часлававіч. – Плануецца алею Герояў перанесці на цэнтральную дарожку, якая вядзе да воінскіх пахаванняў. Акрамя таго, уздоўж гэтай алеі прадугледжваецца абнавіць пасаджаныя ўдзельнікамі вайны дрэвы з памятнымі таблічкамі, бо многія дрэўцы знаходзяцца ў нездавальняючым стане і падлягаюць высечцы. Пакуль гэтыя дрэвы растуць уздоўж тратуара вуліцы Кароткіна, а таблічкі засланяюць агароджу. Дрэвы кампазіцыйна падтрымаюць уваходную групу ў парк, якая будзе ў выглядзе каланады з васьмі калон, перакрытай стылабатам.

Істотна плануецца пераўтварыць у цэнтральным парку і дзіцячую пляцоўку.

– Сёння ў дзіцячым гарадку, скажам так, самабытнае добраўпарадкаванне, маральна састарэлае абсталяванне. Замест гэтага будуць створаны камфортныя ўмовы для адпачынку дзяцей розных узростаў: усталююць трэнажоры, дзіцячыя гарадок, тэматычныя пляцоўкі, – працягвае Юрый Часлававіч. – Таксама, магчыма, там з'явяцца малыя архітэктурныя формы – скульптуры-тапіарыі.

Побач гарадская пляцоўка для масавых мерапрыемстваў. Сцэна будзе злёгку перасунута ўглыб парку і добраўпарадкавана. Сёння пляцоўка аддзелена ад дзіцячага гарадку праезнай часткай. Па словах суразмоўцы, тут плануецца зрабіць пешаходную зону, а пад'езд да адміністрацыйных будынкаў з мэтай бяспекі арганізаваць з іншага боку.

У гэтым месцы архітэктары прапануюць упрыгожыць Шуміліна незвычайнымі для беларускіх гарадоў і райцэнтраў архітэктурнымі формамі – усталяваць перголы. Гэта канструкцыя з металу ці дрэва, у якой сцены і дах будуць прадстаўлены ў выглядзе вінаградных раслін.

– На перголы звычайна вешаюць ружы ці вінаград, якія разрастаюцца, абвіваючы канструкцыю, – тлумачыць Юрый Выжыкоўскі. – У спякотнае надвор'е вельмі прыемна зайсці ўнутр, апынуцца ў цені вінаградных раслін. Такія малыя архітэктурныя формы вельмі папулярныя ў гарадах Кітая.

З іншага боку вул. Кароткіна знаходзіцца бібліятэка. У ёй будзе зроблены бягучы рамонт з афарбоўкай фасадаў і добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Плануецца высадзіць зялёныя насаджэнні, выкласці пліткай дарожкі, прычым у месцах, дзе людзьмі пратоптаныя сцежкі.

Зразумела, добраўпарадкаванне закране не толькі цэнтральную частку Шуміліна.

– Будуць добраўпарадкаваны 35 дваравых тэрыторый па вуліцах Юбілейнай, 70 год БССР, Кааператыўнай, Сіпко, Луначарскага, 40 год Кастрычніка, Вакзальнай і Дубасарскай, – пералічвае Юрый Выжыкоўскі. – Запланаваны бягучы рамонт дарог на вуліцах Сіпко і Суворава. На Кароткіна і некаторых іншых вуліцах пройдзе рамонт асфальтавага пакрыцця. Таксама плануецца працягнуць шумаахоўны экран да канца забудовы прыватнага сектара ўздоўж трасы Віцебск – Полацк. Вядома, як архітэктар я лічу, што гэта прыгажосці не дадае, але максімальна магчымыя выгоды для жыхароў павінны быць. А існуючыя экраны будуць ачышчаны і афарбаваны.

"Віцебскія весці".