Як павялічыць паток турыстаў у раёне? Кіраўніцтва вобласці вывучала пытанне на вопыце Глыбокага

Как увеличить поток туристов в районе? Руководство области изучало вопрос на опыте Глубокого
За апошнія 9 гадоў колькасць замежных турыстаў, якія наведваюць Глыбоцкі раён, павялічылася ў разы. Нямалаю ролю ў гэтым адыграла адкрыццё ў рэгіёне санаторна-курортнага комплексу «Пліса».

Пра гэта старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Мархат расказаў удзельнікам абласнога семінара, адзначыўшы багаты турыстычны патэнцыял, гасціннасць жыхароў азёрнага краю.

Акрамя таго, гэтаму спрыялі мадэрнізацыя ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат», ААТ «Глыбоцкі МКК», капітальны рамонт, рэканструкцыя многіх адміністрацыйных, культурна-сацыяльных будынкаў.

У горадзе было ўзведзена 12 шматпавярховых жылых дамоў на вуліцы Паўночнай, пабудаваны дзіцячы сад, шэраг іншых аб'ектаў. Велізарныя сродкі былі затрачаны на добраўпарадкаванне паркаў, сквераў, асфальтаванне вуліц.

Добраўпарадкаванне

Па словах старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, імпульсам для развіцця раёна паслужыла падрыхтоўка і правядзенне ў 2012-м Дня беларускага пісьменства. У наступныя гады работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў працягнуліся, з'явіўся маляўнічы «Вішнёвы фестываль», які нядаўна атрымаў статус міжнароднага.

– Глыбачане з кожным годам імкнуцца зрабіць свой край яшчэ багацейшым, прыгажэйшым, удасканальваць і падтрымліваць у выдатным стане тое, што было створана раней, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч. – Мясцовыя жыхары прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні многіх важных пытанняў, у тым ліку тых, што тычацца добраўпарадкавання райцэнтра.

Пяць гадоў таму Глыбокае нароўні з Гомелем, Лідай і Мазыром перамагло ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Пазней дзіцячую пляцоўку «Брыгандзіна», размешчаную паблізу возера Кагальнае, назвалі лепшай сярод падобных месцаў адпачынку ў краіне.

Увосень мінулага года Глыбоцкі раён стаў першым у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм, комплексаў».

Удзельнікі семінара ў парку Перамогі ўсклалі кветкі і вянкі да помніка, устаноўленага на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Глыбокага ў ліпені 1944 года, наведалі сквер знакамітых землякоў.

Таксама агледзелі памятны знак «Прысвячэнне кнізе», устаноўлены ў Дзень беларускага пісьменства, некалькі манументальна-дэкаратыўных скульптур, напрыклад, кампазіцыю «Сям'я» на цэнтральнай плошчы горада. Не абышлі ўвагай дэкаратыўна-мастацкую кампазіцыю пад назвай «Сяброўства народаў», урачыстае адкрыццё якой адбылося ў мінулым годзе ў рамках юбілейнага «Вішнёвага фестывалю».

Прадпрымальніцтва

У раёне зарэгістраваны сотні індывідуальных прадпрымальнікаў, шмат прыватных унітарных прадпрыемстваў. Яны таксама аказваюць пасільную дапамогу ў добраўпарадкаванні райцэнтра, з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі штогадовай акцыі «Падары падарунак гораду».

Па словах Мікалая Шарстнёва, ёсць розныя катэгорыі прадпрымальнікаў. Адны чакаюць дапамогі з боку, іншыя ж літаральна з нічога ствараюць унікальныя аб'екты, спадзеючыся ў першую чаргу на ўласныя сілы. Яркі таму прыклад на Глыбоччыне – прыватнае прадпрыемства «В ажуре», кованыя вырабы якога карыстаюцца попытам, аграэкасядзіба «У Якімовіча», якая прадастаўляе вялікі спектр паслуг.

– Раённая ўлада павінна быць ініцыятарам развіцця прыватнага бізнесу ў сваіх рэгіёнах, – падкрэсліў Мікалай Шарснёў. – Таму сёння важна сумясціць жаданні прадпрымальнікаў і магчымасці ўлады. Дзякуючы гэтаму ў раёнах з'явяцца новыя аб'екты, у тым ліку для адпачынку, правядзення вольнага часу. Гэта таксама гарантуе стварэнне новых працоўных месцаў, папаўненне бюджэту.

Так, у Глыбокім у апошнія гады з'явіліся прыватныя гасцініцы, гасцявыя дамы, дзіўныя па прыгажосці аграсядзібы, якія практычна ніколі не пустуюць. Адкрываюцца новыя крамы.

Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што задача абласнога семінара заключалася ў тым, каб кіраўнікі раёнаў змаглі азнаёміцца з вопытам працы калег, нешта запазычыць для паспяховага развіцця свайго рэгіёну.

– У кожным вялікім і малым райцэнтры павінны быць сучасныя дзіцячыя сады, школы, спортзалы, стадыёны, басейны, гасцініцы, гандлёвыя аб'екты, – падвёў вынік Мікалай Шарснёў. – Варта шукаць аптымальныя варыянты вырашэння пастаўленых задач па стварэнні камфортных умоў для мясцовых жыхароў і гасцей.

"Віцебскія весці".