Як ва ўмовах знешняга санкцыйнага ціску арганізаваны працэс імпартазамяшчэння ў Віцебскай вобласці?
Пра тое, як арганізаваны гэты працэс на Віцебшчыне, як можна падбудавацца пад новую эканамічную рэальнасць і на якую падтрымку можа разлічваць прадпрымальніцкі сектар, гатовы вырашаць пытанні імпартазамяшчэння, «Віцебскім весткам» распавяла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
— Штогод аблвыканкам распрацоўвае план мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні, мэтай якога з'яўляецца зніжэнне імпартаёмістасці выпускаемай прадукцыі і залежнасці ад паставак тавараў з-за мяжы, — адзначыла Анжаліка Аляксандраўна. — Па выніках мінулага года за кошт яго рэалізацыі выраблена адпаведных тавараў на суму каля 780 млн долараў, заданне на 2022-ы — амаль 900 млн долараў. Калі казаць пра вынікі 1-га квартала, то аб'ём выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі склаў 225 млн долараў, прырост да аналагічнага перыяду 2021 года склаўся на ўзроўні 19%.
Зразумела, наступствы ўведзеных санкцый мы сталі адчуваць крыху пазней. Гэтыя лічбы, хутчэй, не нагода для самазаспакаення, а паказчык таго, што такія задачы Віцебшчыне па плячы. Шмат што залежыць ад нас саміх, таму з улікам новай рэальнасці трэба істотна актывізавацца і паскарацца ў гэтай тэме, звярнуўшы ўвагу на найбольш адчувальныя аспекты. Дзяржава гатова фарсіраваць працэсы імпартазамяшчэння, для чаго выпрацоўвае сістэмныя меры падтрымкі ініцыятыў. Таксама неабходна павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння бізнесу і ўлады для пошуку рэзерваў і магчымасцей, каб справіцца са складанымі задачамі.
ПАТЭНЦЫЯЛ БІЗНЕСУ НЕВЫЧЕРПНЫ
— Усяго ў дзяржпраграму імпартазамяшчэння ўключана 76 прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія выпускаюць 140 найменняў тавараў, прызначаных скласці альтэрнатыву замежнай прадукцыі, — падкрэсліла намеснік старшыні аблвыканкама. — Ёсць нямала прыкладаў таго, як у імпартазамяшчэнні прыватны бізнес знайшоў нішу з высокім патэнцыялам, забяспечыў якасць прадукту і паспяхова ўбудаваўся ў вытворчыя ланцужкі буйных вытворцаў. Сярод найбольш яркіх прыкладаў – ТАА «Новы век СПРЫНГ» (пружины сжатия), ЧП «Витебские подъемники» (грузоподъемные краны). Актыўна працуюць у гэтай тэме фармацэўтычныя кампаніі «Белкаролін», «ВІК — здароўе жывёл», ТАА «Рубікон» і шэраг іншых вытворцаў. У абутковай прамысловасці ёсць паспяховыя імпартазамяшчальныя праекты.
Тым не менш у ходзе вытворчых маніторынгаў мы пастаянна выяўляем нявыкарыстаныя нішы і бачым, што патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу ў гэтым напрамку невычарпальны. Для яго рэалізацыі трэба знаходзіць новыя магчымасці для кааперацыі і кансалідацыі намаганняў, уцягваючы ў арбіту ўзаемадзеяння ўсё большую колькасць эканамічных суб'ектаў, больш актыўна задзейнічаць пры гэтым патэнцыял ВНУ навукі. Заўтра будзе паспяховым той, хто сёння хутка сарыентуецца і ўбудуецца ў тэхналагічныя працэсы, замясціўшы заходніх пастаўшчыкоў, якія сышлі з рынку. Арыенцір – у цэлым па Беларусі пералік імпартазамяшчальнай прадукцыі налічвае больш за 2,7 тыс. найменняў.
КААПЕРАЦЫЯ ПА ЗНЕШНЕМ КОНТУРЫ
— Адным з інструментаў пераадолення санкцыйнага ціску з'яўляецца развіццё кааперацыйных сувязяў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама выкарыстанне патэнцыялу партнёрскіх арганізацый дружалюбных краін і замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі, — сказала Анжаліка Нікіціна. — Дагаворная база для актывізацыі ўзаемадзеяння з расійскімі партнёрамі сфарміравана і ўключае больш за 100 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж раёнамі, 26 дакументаў падпісаны на ўзроўні абласных адміністрацый. З улікам умоў, якія складваюцца, аблвыканкам праводзіць яе поўную інвентарызацыю і фарміруе актуальны парадак дня дзелавых сустрэч, візітаў у расійскія рэгіёны, перш за ўсё з удзелам кіраўнікоў вобласці.
ПП «Віцебскія пад'ёмнікі» плануе да канца 2022 года ўвесці ў эксплуатацыю новы завод па выпуску кранаў-маніпулятараў. У перспектыве на гэтай пляцоўцы плануецца вырабляць абсталяванне грузападымальнасцю ад 16 да 100 т, як стацыянарнае, так і на аўтамабільных шасі.
Напрыклад, у бліжэйшы час дэлегацыя Віцебшчыны на чале са старшынёй аблвыканкама адправіцца ў Пскоўскую вобласць, затым запланавана сустрэча з кіраўніцтвам Курскай вобласці на пляцоўцы міжнароднай выстаўкі «Белагра» ў Мінску. Прапрацоўваем візіт афіцыйнай дэлегацыі Віцебшчыны ў Валгаград. Адна з цэнтральных тэм падобных мерапрыемстваў — пошук напрамкаў узаемадзеяння і магчымасцей выпуску ўзаемадапаўняльных тавараў, выбудоўванне кааперацыйных ланцужкоў з удзелам беларускіх і расійскіх вытворцаў. Гэта толькі самыя бліжэйшыя планы.
ПУЦЯВОДНІК ПА МЕРАХ ПАДТРЫМКІ
— У Беларусі створана нямала інструментаў стымулявання вытворчасці па імпартазамяшчальнай тэматыцы, таму важна правільна арыентавацца і пісьменна карыстацца імі. Яшчэ частка ў працы і хутка будзе даступная для бізнесу, — звярнула ўвагу Анжаліка Нікіціна. — Для актывізацыі ўзаемадзеяння прадпрымальніцкага сектара з буйнымі заказчыкамі шырока выкарыстоўваюцца біржы кантрактацыі. Мерапрыемствы арганізуюць многія буйныя прадпрыемствы анлайн і афлайн на базе сваіх падраздзяленняў. Дарожныя карты іх правядзення сфарміраваны на ўзроўні міністэрстваў эканомікі, прамысловасці, канцэрнаў «Беллегпрам» і «Беллесбумпрам». З дапамогай гэтых пляцовак можна аператыўна атрымаць агульную інфармацыю аб патрэбах вытворцаў у камплектуючых, умовах і перспектывах супрацоўніцтва. Нядаўна запрацавала анлайн-пляцоўка імпартазамяшчэння на базе Беларускай універсальнай таварнай біржы, дзе можна будзе знайсці сабе партнёра. Аналагічны праект, толькі рэгіянальнага маштабу з улікам спецыфікі і патрэб Віцебшчыны, плануецца запусціць на сайце аблвыканкама.
У краіне ёсць шэраг крэдытных праектаў па стымуляванні малога і сярэдняга бізнесу. Банкаўскія структуры рыхтуюць да ўкаранення спецыяльны прадукт для вытворцаў імпартазамяшчальнай прадукцыі з прывабнымі ўмовамі. Акрамя таго, зараз рыхтуюцца змены ў нарматыўны акт, якія спрашчаюць працэдуру закупкі імпартазамяшчальнай прадукцыі. На падыходзе карэкціроўка пастановы ўрада, якая дае права аблвыканкаму падтрымліваць імпартазамяшчальныя праекты за кошт абласнога інавацыйнага фонду.
І гэта далёка не поўны пералік магчымасцей заканадаўчай і фінансавай падтрымкі па кааперацыйнай і імпартазамяшчальнай тэматыках. Таму аблвыканкам заўсёды гатовы дапамагчы арыентавацца ў інструментах і падабраць самыя прыдатныя пад тыя ці іншыя ініцыятывы. На гэта мы настройваем таксама і ўлады на месцах.