Як у Віцебску работнікі камунальных службаў расчышчаюць дарогі і тратуары
Тэхніка дзяржаўных прадпрыемстваў «Гардармост», ЖРЭТ абласнога цэнтра і прыцягнутых арганізацый у кругласутачным рэжыме расчышчаюць вуліцы і пешаходныя дарожкі ад снегу, пасыпаюць іх пясчана-саляной сумессю. Месцы, куды не можа прайсці тэхніка, рабочыя прыбіраюць уручную.
– Сёння на ўборку прыдамавых тэрыторый выйшла 225 нашых рабочых. У прыярытэце ачыстка крыльцаў, лесвіц і пешаходных дарожак ад снегу. Ад наступстваў стыхіі вызваляюць праезды і ўезды ў дварах 17 адзінак тэхнікі, – адзначыла першы намеснік кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства «ЖРЭТ г. Віцебска» Галіна Дзерваед.
Не зніжаюць тэмп і супрацоўнікі «Гардармоста» і прыцягнутых арганізацый. Як паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Старавойтаў, сёння ў барацьбе са снегам «змагаюцца» 28 адзінак тэхнікі «Гардармоста», 37 – з прыцягнутых арганізацый. За дзённую змену ўчорашняга дня было вывезена 670 кубоў снегу.
– 29 лістапада ў ручной расчыстцы снегу задзейнічаны 97 чалавек. Уночы будзе працаваць 26 адзінак тэхнікі, – дадаў Сяргей Старавойтаў.
Нягледзячы на тое, што тэхнікі і людзей для расчысткі снегу ў дварах, каля прыватных сектароў, на ўскраінах абласнога цэнтра не хапае, прыемна адзначыць, што віцябляне і валанцёры сталі ўзбройвацца лапатамі і ачышчаць тэрыторыі ад снежнай стыхіі.
Як паведамілі ў абласным камітэце БРСМ, больш за 80 валанцёраў паўночнага рэгіёну штодня выходзяць на расчыстку снегу прыдамавых тэрыторый, тратуараў, памятных месцаў. На дапамогу адзінока пражываючым пажылым людзям, якім не пад сілу самастойна ачышчаць дваравыя тэрыторыі, выязджаюць маладзёжныя валанцёрскія дэсанты.
– Ва ўсіх раёнах вобласці ў кастрычніку былі запушчаны «гарачыя лініі». Валанцёры БРСМ дапамагалі ў вырашэнні бытавых пытанняў: уборцы і падрыхтоўцы жылля да зімы, колцы і складанні дроў, зборы ўраджаю, дастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. З 23 лістапада арганізавана дапамога ва ўборцы дваравых тэрыторый ад снегу. Паступіла больш за 30 заявак, – адзначылі ў абласным камітэце БРСМ. – Званкі ў тэрытарыяльныя камітэты прымаюцца з 8.30 да 17.00 у працоўныя дні. Калі лінія ў пэўным горадзе ці раёне будзе доўга занята, можна звярнуцца ў абласны камітэт па тэлефоне 8 (0212) 66 - 20 - 71.