Як Віцебшчына сустракае 75-годдзе Вялікай Перамогі? Інтэрв'ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзем Ягоравым

Как Витебщина встречает 75-летие Великой Победы? Интервью с начальником главного управления идеологической работы и по делам молодежи облисполкома Геннадием Егоровым
Як Віцебшчына сустракае 75-годдзе Вялікай Перамогі? Як шануе герояў Вялікай Айчыннай і перадае эстафету патрыятызму маладому пакаленню? На гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з увекавечаннем памяці аб абаронцах Айчыны, адказвае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў.

– Час няўмольны, і строй ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам рэднее. У гэтыя святочныя дні яны галоўныя героі ўсіх урачыстасцей. Што робіцца, каб ні адзін з былых франтавікоў, партызан, якія ваявалі з ворагам і фармавалі перамогу ў тыле, не застаўся забытым?

– На Віцебшчыне пражываюць 635 удзельнікаў вайны, і наша галоўная задача – надаць персанальную ўвагу кожнаму. Мы нізка схіляемся і аддаём глыбокую даніну павагі тым, хто гераічна прайшоў доўгімі церністымі баявымі дарогамі, а потым адрадзіў родную зямлю з попелу. Няма такіх слоў, якімі можна было б у поўнай меры перадаць усю падзяку ветэранам за бессмяротны подзвіг у самай жорсткай вайне, якую калі-небудзь ведала чалавецтва. Напярэдадні свята Перамогі ўсім уручаны віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама юбілейныя медалі і падарункі. Захаванне памяці аб абаронцах Айчыны – гэта наш святы абавязак. Праца ў гэтым напрамку праводзіцца не толькі да святаў і знамянальных дат, а пастаянна. Шмат у чым гэтаму спрыяе Дзяржаўная праграма па ўвекавечанню памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах вайны на 2015-2020 гады, якая рэалізуецца ў Беларусі пры актыўным удзеле мясцовых выканаўчых органаў, дэпутацкага корпуса і грамадскасці. У вобласці ўдакладнены і складзены пералік усіх памятных месцаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

На сённяшні дзень на Віцебшчыне на ўліку 1482 воінскія пахаванні, дзе спачывае прах 412 107 воінаў.

За ўсімі помнікамі, абеліскамі, магіламі рашэннямі выканкамаў замацаваны арганізацыі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, установы культуры, якія наводзяць парадак на сваіх шэфскіх мемарыяльных аб'ектах. У рэгіёнах праводзяцца суботнікі, падчас якіх працоўныя калектывы добраўпарадкуюць прылеглую да памятных месцаў тэрыторыю, а заробленыя сродкі накіроўваюць на рамонтныя работы. Ва ўсіх раёнах вобласці ўсталёўваюцца інфармацыйныя ўказальнікі-банэры аб знаходжанні воінскіх пахаванняў, у тым ліку размешчаных на адлегласці ад населеных пунктаў.

– Ці плануецца ў рамках святкавання 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне адкрыццё новых памятных месцаў?

– Так. На Віцебшчыне рэалізуецца патрыятычны праект «Героі Савецкага Саюза – нашы землякі». У яго рамках 8 мая адкрыюцца некалькі памятных аб'ектаў: Алея Герояў Савецкага Саюза ў Гарадку, мемарыяльныя дошкі Героям Савецкага Саюза Ягору Васілеўскаму і Уладзіміру Курыленку ў аграгарадку Бабінічы Віцебскага раёна, памятны знак на месцы вёскі Шарагі Глыбоцкага раёна, дзе фашыстамі было спалена каля 150 мірных жыхароў. А 9 мая запланавана адкрыццё пасля рэканструкцыі з удзелам кіраўніка вобласці Мікалая Шарстнёва і старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева найбуйнейшага воінскага пахавання «Рыленкі» ў Дубровенскім раёне.

– Наколькі актыўна моладзь уключаецца ў патрыятычныя акцыі?

– Можна сказаць, яна ў першых радах усіх мерапрыемстваў. Адзін з прыкладаў – удзел у месячніку ваенна-патрыятычнай работы, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі. Маладыя людзі добраўпарадкоўвалі месцы воінскіх пахаванняў, хадзілі ў паходы па памятных мясцінах баявой славы, сустракаліся з удзельнікамі вайны і працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі, наведвалі музеі. У межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» навучэнцы вывучаюць свае радаводы, рэстаўруюць фотаздымкі загінулых герояў, родных і землякоў. Установы адукацыі змагаюцца за прысваенне імёнаў Герояў Савецкага Саюза, кавалераў ордэна Славы, землякоў – удзельнікаў баявых дзеянняў, партызан-падпольшчыкаў. Асаблівае месца ў выхаванні патрыятызму ў падрастаючага пакалення займаюць Віцебскае і Полацкае кадэцкія вучылішчы. Каманда віцебскіх кадэтаў «Шчыт Айчыны» пяць разоў запар станавілася пераможцам Рэспубліканскай кадэцкай інтэлектуальна-творчай алімпіяды «Патрыёт».

Значны ўклад у скарбонку добрых спраў традыцыйна ўносяць удзельнікі абласной піянерскай арганізацыі. Так, юныя патрыёты ўключыліся ў акцыю «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны», а таксама ў чэлендж «Я памятаю», які стаў працягам рэспубліканскага праекта «Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну» і абласнога – «Сэрцам дакраніся да подзвігу». Дзеці стваралі фотаработы і відэаролікі пра ўдзельнікаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны.

– Які ўклад грамадскіх арганізацый у скарбонку агульнай памяці пра абаронцаў Айчыны?

– Акрамя традыцыйных віншаванняў ветэранаў і навядзення парадку на воінскіх пахаваннях сёлета рэалізуецца шэраг новых па змесце і фармаце акцый. У прыватнасці, абласны камітэт ГА «БРСМ» запусціў праект «75 песень пра вайну». Любы ахвотны можа запісаць відэаролік з кампазіцыяй на ваенную тэматыку. Аўтары лепшых работ будуць адзначаны спецыяльнымі прызамі і дыпломамі. Яшчэ адзін праект праходзіць у межах міжнароднай школы лідараў – серыя прамых эфіраў у «Інстаграме», падчас якіх прагучаць апавяданні пра жыццё канкрэтнага рэгіёна ў гады ваеннага ліхалецця, пасляваеннага аднаўлення. Мэта дадзенай акцыі – прыцягнуць увагу моладзі да гераічных старонак гісторыі роднага краю.

Абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» звярнулася да навучэнцаў «Школ міру» Віцебшчыны, а таксама ўстаноў адукацыі, якія прэтэндуюць на атрыманне гэтага высокага звання, з прапановай напісаць лісты ветэранам. Больш за 600 абаронцаў Айчыны атрымаюць па пошце паштоўкі ад Фонду міру, а таксама лісты са словамі падзякі ад юных міратворцаў.

Вялікую колькасць патрыятычных і дабрачынных мерапрыемстваў правяла абласная арганізацыя РГА «Белая Русь». Напярэдадні памятнай даты ў Віцебску закладзены яблыневыя сады ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Сіламі абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» у Оршы ўзведзены манумент у памяць пра знішчаных фашыстамі яўрэйскіх дзяцей.

Активное ўдзел у захаванні памяці пра гераізм ваеннага пакалення прымаюць і іншыя грамадскія арганізацыі: Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Саюз афіцэраў, Беларускі Чырвоны Крыж, Саюз жанчын і іншыя.

– Генадзь Міхайлавіч, чым для вас асабіста дарагі Дзень Перамогі?

– 9 Мая для маёй сям'і, як і для многіх тысяч беларускіх сем'яў, быў і застаецца самым светлым святам. Занадта дарагой цаной была заваявана Перамога. Вайна закранула нашу сям'ю таксама жорстка і бязлітасна. Мая бабуля з боку маці праводзіла на фронт пяць сваіх сыноў, і ні адзін з іх не вярнуўся. Бацька прайшоў усю вайну ў дывізіёне гвардзейскіх рэактыўных установак БМ-13, а прасцей кажучы – «катюш», быў паранены, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга» і многімі іншымі. У мяне ўяўленне пра вайну склалася не з мастацкіх фільмаў, а з яго маласлоўных рэдкіх успамінаў, якімі бацька, як і многія салдаты той вайны, дзяліўся вельмі рэдка. Вось ужо 23 гады як яго няма, але па-ранейшаму кожны Дзень Перамогі я раздзяляю з бацькам.

"Віцебскія весці".