Як Віцебск адсвяткуе Дзень горада, распавялі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці
Нагодаю для сустрэчы стала важная дата. Зусім хутка пройдзе мноства мерапрыемстваў, прысвечаных 79-й гадавіне вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 1049-годдзю горада. Пра тое, як вядзецца падрыхтоўка да Дня горада, якія цікавыя і важныя праекты будуць рэалізаваны ў рамках свята, расказалі старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў, яго намеснік Віктар Глушын, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі, першы сакратар гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Артур Вітоль і кіраўнікі шэрагу структурных падраздзяленняў гарвыканкама.
Маштаб маючых адбыцца падзей уражвае. Мяркуючы па колькасці канцэртаў, спаборніцтваў, разнапланавых акцый, выставак, інтэрактыўных пляцовак, пабываць усюды наўрад ці ў кагосьці атрымаецца — нават нягледзячы на тое, што ўсё гэта будзе праходзіць некалькі дзён, з 23 па 26 чэрвеня. Але затое ў кожнага ёсць шанец знайсці для сябе нешта займальнае і ў поўнай меры прасякнуцца святочнай атмасферай.
— Першае, што я скажу, — які незвычайны, які дзівосна прыгожы ў нас Віцебск, — пачаў аповяд пра падрыхтоўку да ўрачыстасцей Мікалай Арлоў. — Трэба, напэўна, проста любіць свой горад, каб не звяртаць увагі на пэўныя шурпатасці, а бачыць тое вялікае, то галоўнае, што зараз у ім адбываецца.
Старшыня гарвыканкама зрабіў акцэнт на намаганнях, накіраваных на тое, каб абласны цэнтр патанаў у колерах. Асобна спыніўся на прывядзенні ў парадак дарожнай сеткі.
— Было нямала нараканняў, калі пачалася падрыхтоўка да Дня горада і «Славянскага базару ў Віцебску», — заўважыў ён.
Паводле яго слоў, многія аўтамабілісты і пешаходы выказвалі прэтэнзіі да гарадскіх улад з-за стану дарог. Але змены да лепшага відавочныя.
— Да Дня горада будзе завершана асфальтаванне і добраўпарадкаванне ўчастка тэрыторыі ад «Праўды» да Маскоўскага праспекта і вуліцы Церашковай, — пракаментаваў Мікалай Арлоў. І дадаў, што ўжо прыведзена ў парадак вуліца Максіма Горкага ў раёне Рачнога порта, новае асфальтавае пакрыццё ўкладзена на дастаткова вялікім участку вуліцы Лаза. Дарожныя работы закранулі праспект Фрунзе, вуліцу Чапаева. А старым асфальтагранулятам падсыпаюць вуліцы прыватнага сектара.
— Гэта пэўны крок у забеспячэнні камфортных умоў для нашых гараджан, — падкрэсліў старшыня гарвыканкама.
Ён таксама заклікаў усіх жыхароў, прадпрыемствы і арганізацыі ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне Віцебска і актыўна ўключыцца ў гарадскі суботник, які абвешчаны 17 чэрвеня.
— Адзавіцеся на гэту прапанову. Знаходзьце аб'екты па душы, рабіце гэта шчыра і з жаданнем. Тады сапраўды пасыл аб тым, што наш горад — самы прыгожы, будзе бясспрэчным, — сказаў Мікалай Арлоў.
Што тычыцца непасрэдна свята, то сярод заяўленага ў першы дзень — уручэнне гарадской прэміі «Віцяблянін года» і выступленне гурта «На-на» на сцэне Летняга амфітэатра, адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры перад абласным краязнаўчым музеем, прэзентацыя работ удзельнікаў Міжнароднага фестывалю «ФотаКрок» у Духаўскім круглику, цыркавы спектакль заслужанага артыста Расіі Мікалая Чэлнакова ля музея гісторыі прыватнага калекцыянавання на праспекце Фрунзе, аўтапрабег і аўтавыстава. На 24 чэрвеня запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя 125-годдзю віцебскага трамвая, адкрыццё пасля рэканструкцыі парка 1000-годдзя Віцебска, шырокая культурна-відовішчная праграма на цэнтральных вуліцах, «Плошча на сямі вятрах», бясплатныя тэматычныя экскурсіі, спаборніцтвы па мотаджымхане на пляцоўцы пад Полацкім пуцеправодам, фестываль гістарычнай рэканструкцыі на тэрыторыі комплексу адпачынку ім. Савецкай Арміі, канцэрт з удзелам Тэа і Вольгі Рыжыкавай на сцэне плошчы Перамогі і святочны феерверк.
У нядзелю ў Беларусі адзначаецца Дзень моладзі і студэнцтва, з чым і будуць звязаны шматлікія святочныя падзеі. У прыватнасці, з 12 гадзін у цэнтры Віцебска пачнуць запальваць удзельнікі абласнога тура нацыянальнага фестывалю-конкурсу «Агонь маладзёжных талентаў», адкрыюцца інтэрактыўныя пляцоўкі, а ўвечары адбудзецца дыджэй-баттл. Але і апроч Дня моладзі рыхтуецца шмат цікавага.
Падрабязная праграма свята неўзабаве з'явіцца на вуліцах Віцебска і прыпынках грамадскага транспарту, а таксама на нашым сайце. Уважліва яе вывучыце, каб пасля не шкадаваць аб тым, што прапусцілі самыя займальныя праекты.
Фота Пятра ЧЫМКОЎСКАГА