Як віцебскія батутысты рыхтуюцца да Алімпіяды ў Токіо?

Как витебские батутисты готовятся к Олимпиаде в Токио?

Беларуская зборная па скачках на батуце, асноўны склад якой складаюць віцебскія спартсмены і спецыялісты, рыхтуецца да галоўных спаборніцтваў 2020 года – Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Мінулы сезон склаўся для выхаванцаў СДЮШАР № 1 удала. З апошніх стартаў варта ўзгадаць Кубак свету ў іспанскім Вальядалідзе, дзе Уладзіслаў Ганчароў узяў золата ў індывідуальных скачках, чацвёртым стаў Алег Рабцаў, а Мікалай Фомчанка разам з Іванам Літвіновічам з Вілейкі сталі трэцімі ў сінхронных скачках.

Трыумфальным выдаўся для мужчынскай зборнай, у склад якой уваходзілі Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў, чэмпіянат свету ў Токіа. Упершыню за 25 гадоў (!) яна стала наймацнейшай на планеце ў камандных спаборніцтвах. У сінхронных скачках Уладзіслаў і Алег узялі сярэбраныя медалі.

У Японіі на першынстве свету вышэй усялякіх пахвал выступіла наша моладзь. У узроставай катэгорыі 16-17 гадоў Себасцьян Станкевіч заваяваў залаты медаль, а Вікторыя Куйдан – бронзавы. У сінхронных скачках наймацнейшымі сталі нашы пары: Себасцьян Станкевіч – Андрэй Буйлоў і Кацярына Ерашова – Аляксандра Сталярова.

І вядома ж, выдатнай падзеяй стала адкрыццё ў Віцебску Цэнтра па скачках на батуце, дзе і атрымалася заспець нашых спартыўных зорак падчас збораў у родным горадзе і пагутарыць з імі.



Вольга Уласава, галоўны трэнер зборнай Беларусі:

– Цяпер, шчыра кажучы, проста хочацца выдыхнуць пасля ўсіх мінулых спаборніцтваў. Першыя старты будуць у лютым: этап Кубка свету ў Азербайджане. Да гэтага ж не хочам ні пра што думаць (смяецца). А калі казаць сур'ёзна, то год таксама чакаецца вельмі прадуктыўным. Пасля выезду ў Закаўказзе будзе турнір у Італіі, чэмпіянат свету ў Швецыі. Потым запланаваны шэраг спаборніцтваў у нас, у тым ліку чэмпіянат краіны і міжнародны турнір памяці заслужанага трэнера Беларусі Валерыя Вагеля ў Віцебску. Летам пройдуць этапы Кубка свету ў Партугаліі і Швейцарыі. На апошні не паедуць тыя, хто будзе рыхтавацца да Алімпіяды, а наша таленавітая моладзь. Затым ужо адпраўляемся на галоўныя спаборніцтвы чатырохгоддзя. Кожная краіна можа атрымаць максімум чатыры ліцэнзіі: па два ў мужчын і жанчын. І калі ў прадстаўнікоў моцнага полу яны ўжо ў кішэні, то ў дзяўчат здабыць іх пакуль не атрымліваецца. Уся надзея на віцяблянку Марыю Махарынскую, калі яна ўдала выступіць на этапах Кубка свету. Наогул ліцэнзіі не іменныя, гэта значыць, будзем глядзець бліжэй да Алімпіяды, хто лепш гатовы, не мае праблем са здароўем. Хоць з вялікай доляй упэўненасці можна сказаць, што наш пераможца мінулых Гульняў Уладзіслаў Ганчароў паляціць і ў Японію.

Васіль Шулікін, старшы трэнер зборнай, ветэран віцебскага трампліна:

– Радуе, што ў нашай камандзе пануе пазітыўная атмасфера, хоць і існуе велізарная канкурэнцыя. Цяпер у асноўным праводзім аднаўленчыя зборы. Прыемна, што і ў Віцебску створаны для іх выдатныя ўмовы. У нашым цэнтры магчыма пражыванне замежных спартсменаў. Цяпер у складзе адсутнічае наш алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў: мы яго адпусцілі на паказальныя выступленні ў Еўропе.

Алег Рабцаў, чэмпіён свету 2019 года:

– Адчуваю гонар за тое, што ў мінулым годзе паўдзельнічаў у гістарычным дасягненні нашай зборнай. Таксама ў сваю, можна сказаць, скарбонку паклаў і срэбра за сінхронныя выступленні з Уладзіславам Ганчаровым. Раней мы з ім ужо двойчы станавіліся чэмпіёнамі планеты на спаборніцтвах у пары. Хочацца і ў індывідуальных скачках заваяваць узнагароды чэмпіянатаў Еўропы і свету. Пакуль з самых сур'ёзных спаборніцтваў мне ў гэтай дысцыпліне падпарадкоўваўся толькі п'едэстал этапаў Кубка свету.

"Віцьбічы".